Адпрацаваць мабілізацыйныя навыкі
У пятніцу 11 сакавіка наш раён прымаў прадстаўнікоў ваенных камісарыятаў з усёй Віцебскай вобласці. У Шуміліне праходзілі паказальныя заняткі са службовымі асобамі аб’яднаных ваенных камісарыятаў вобласці па арганізацыі і парадку работы пункта апавяшчэння і збору адасобленай групы ваеннага камісарыята раёнаў (горада). Заняткі праводзілі намеснік ваеннага камісара вобласці палкоўнік А. А. Бародзій і начальнік мабілізацыйнага напрамку ваеннага камісарыята вобласці палкоўнік Д. В. Багумірскі.
Тэрытарыяльная абарона вызваляе армію ад выканання неўласцівых ёй задач: такіх, як ахова і абарона аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, барацьба з дэсантна-дыверсійнымі сіламі праціўніка і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, удзел у ліквідацыі наступстваў прымянення праціўнікам зброі, удзел у выкананні мерапрыемстваў па забеспячэнні падтрымання рэжыму ваеннага становішча.
Разгортванне тэрытарыяльных войскаў адбываецца толькі ў надзвычайны перыяд, як і разгортванне ўсіх Узброеных Сіл, якія ажыццяўляюць неабходныя мабілізацыйныя мерапрыемствы ў выпадку рэальнай ваеннай пагрозы. Каб сістэма тэрытарыяльнай абароны працавала зладжана і без збояў, кожны павінен ведаць свае дзеянні ў надзвычайнай сітуацыі. Менавіта гэта і было асноўнай мэтай заняткаў.
Першая частка заняткаў – тэарэтычная. У першую чаргу гэта звязана з тым, што ў рэспубліцы прайшла рэарганізацыя некаторых раённых ваенных камісарыятаў. Якраз пра асаблівасці работы аб’яднаных ваенкаматаў і адасобленых груп вялася гаворка. Начальнік другой групы мабілізацыйнага накірунку аблваенкамата падпалкоўнік Н. В. Жандарава засяродзіла ўвагу на арганізацыі і вядзенні ўліку ваеннаабавязаных у адасобленых групах аб’яднаных раённых ваенкаматаў. Начальнік чацвёртай групы мабілізацыйнага накірунку аблваенкамата падпалкоўнік М. В. Скаўронскі расказаў пра арганізацыю і вядзенне ўліку транспартных сродкаў. Пра прызначэнне, склад і дакументацыю ўпраўлення пункта апавяшчэння і збору адасобленай групы гаварыў намеснік начальніка мабілізацыйнага накірунку аблваенкамата падпалкоўнік В. А. Пяскоўскі.
У практычнай частцы заняткаў прынялі ўдзел ваеннаабавязаныя нашага раёна, якія паказвалі афіцэрам свае вайсковыя службовыя абавязкі. Падчас практычнай часткі былі паказаны работа кіравання пункта апавяшчэння і збору адасобленай групы пры пераводзе на ваенны час, парадак фарміравання груп ваеннаабавязаных і транспартных сродкаў.
Пасля заняткаў намеснік ваеннага камісара Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў капітан Ю. А. Пракапцоў і начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна падпалкоўнік А. М. Собін адзначылі, што выкліканыя на заняткі ваеннаабавязаныя з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю аднесліся да выканання пастаўленых задач. Яны выказалі словы падзякі ад аб’яднанага ваенкамата кіраўніку спраў райвыканкама С. Д. Белагалову, галоўнаму інжынеру УП ЖКГ А. М. Догелю, дырэктару ПМК-70 А. Ю. Крыўко і дырэктару раённага цэнтра культуры М. І. Прохаравай.
Намеснік ваеннага камісара вобласці палкоўнік А. А. Бародзій пры падвядзенні вынікаў паказальных заняткаў адзначыў высокі ўзровень іх правядзення.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2016 г.