Ученики Мишневичской школы активно занимаются поисковой работой

Образование Общество

“Нашчадкі Перамогі”
“Наша школа ў раёне з’яўляецца апорнай па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мішневіцкай СШ І. А. Галабурда. – Праект “Нашчадкі Перамогі” прадугледжвае вышук землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, а таксама іх сваякоў.

І ў гэтым накірунку зроблена нямала: за мінулы год вучні нашай школы на чале з Н. Б. Бабаевай адшукалі больш за дзве тысячы прозвішчаў нашых землякоў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны ці ў партызанскіх атрадах. Таксама знайшлі пляменніцу Героя Савецкага Саюза  А. С. Расказава, які пахаваны на брацкіх могілках у Валатоўках. І са снежня 2014 года наша школа носіць імя героя”.
Надзея Барысаўна Бабаева, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Мішневіцкай школы, –  чалавек творчы. Яна з энтузіязмам узялася за праект “Наследнікі Перамогі” па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, па ім разам з дзецьмі працуе другі год.   Н. Б. Бабаева разам са старшакласнікамі  супрацоўнічае з кіраўніком Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання моладзі “Пошук” Л. Н. Бруевай, якая дапамагла звязацца  са спецыялістамі па пошукавай рабоце ў Маскве і Уладзімірскай вобласці. Як высветлілася, і ў Расіі ваявала многа нашых землякоў.
У гэтым годзе пошук вучняў Мішневіцкай школы пашырыўся: яны паставілі перад сабой мэту аднавіць прозвішчы невядомых воінаў, якія пахаваны на брацкіх могілках, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Тысячы савецкіх салдат пахаваны на тэрыторыі раёна, але прозвішчы многіх на мемарыяльных плітах на брацкіх могілак не напісаны. Увекавечыць памяць такіх герояў – гэта работа марудная і карпатлівая, але патрэбная і пачэсная, лічаць у школе. “У рабоце дапамагае сайт “Мемарыял”, з дапамогай якога мы не толькі знаходзім імя загінуўшага героя, але і яго ўзнагароды, а таксама яго сваякоў. Гэтай работай ушчыльную занялася і настаўніца гісторыі В. С. Курчанава, – расказала Надзея Барысаўна. – Мы прымаем удзел у рэспубліканскай акцыі “Абеліск на карце”, у абласной акцыі “Не было безыменных салдат”.  Адшуканыя звесткі перасылаюцца ў Віцебскі абласны музей М. Ф. Шмырова”.
З праектам “Нашчадкі Перамогі” вучні Мішневіцкай школы прымаюць удзел у розных конкурсах па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. У мінулым годзе, да прыкладу, у інтэрактыўнай гульні “Калейдаскоп Перамогі” васьмікласніца Кацярына Петухова (член гуртка “Музейная справа”) заняла першае месца ў раёне і трэцяе ў вобласці, прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Патрыёт.by”, дзе заняла трэцяе месца.  Кацярына расказала, што  разам са сваёй настаўніцай Н. Б. Бабаевай (на здымку) на рэспубліканскі конкурс пасылалі шэсць мультымедыйных пазнавальных гульняў патрыятычнага характару, якія тычыліся ведання гісторыі свайго краю і тых герояў, якія абаранялі нашу радзіму ў гады вайны. На працягу года ў гэтых гульнях прынялі ўдзел не толькі вучні школы, але і іхнія бацькі.
Н. Б. Бабаева з’яўляецца кіраўніком рознаўзроставага атрада “Юнацтва”, у які ўваходзяць вучні, што пражываюць у Сураўнях. Кожны тыдзень школьнікі прыбіраюць ля помніка героям Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаюць ветэранам.
Пра сваю работу вучні расказваюць у школьнай газеце “Баявы лісток”, якая друкуецца штомесячна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №19 ад 09.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *