Житель Амбросович избил сожительницу до смерти

Происшествия

Б’е – значыць заб’е, а ніяк не кахае
На абароне чалавека ад насілля стаіць уся праваахоўная сістэма. Але існавала тэма, якая да апошняга часу неяк сарамліва хавалася ў цені, якую не любілі выносіць на грамадскі позірк. Гэта насілле ў сям’і. З’ява, распаўсюджаная ў бытавым асяродку розных народаў, і няма краіны ці грамадства, свабодных ад яе. Вельмі часта сямейнае насілле ўспрымаецца як абыдзеная, нармальная з’ява. Нават прыказка існуе: б’е – значыць кахае. Ахвярамі насілля становяцца тысячы (а ў свеце дзясяткі мільёнаў) дзяцей, жанчын і мужчын, маладых і старых.
Самае страшнае тое, што ахвяры сямейнага насілля гадамі церпяць здзекі і пабоі. Пра “выхаванне” кулаком ведаюць знаёмыя, суседзі, ведаюць і маўчаць, нікуды не звяртаюцца.
Дамашняе насілле не мае сацыяльных межаў.  Яно назіраецца ва ўсіх сацыяльных групах. Сямейнымі гвалтаўнікамі могуць быць як людзі з нізкім ўзроўнем адукацыі, якія ледзь атрымалі базавую ці наогул пачатковую адукацыю, так і з дыпломам інстытута ці ўніверсітэта, як з высокім матэрыяльным дабрабытам, так і на мяжы беднасці. Адзінае, што, напэўна, можа аб’яднаць гэтых гвалтаўнікоў – алкагалізм. Цвярозы і разважлівы чалавек наўрад ці будзе збіваць іншага чалавека, тым больш слабейшага, а вось п’яны лёгка можа пайсці на гэта.
Так і цягнецца гадамі, пакуль не здарыцца трагедыя: ці заб’е нарэшце сваю ахвяру гвалтаўнік, ці на апошняй мяжы жыцця ахвяра дасць адпор гвалтаўніку і заб’е яго. Такія справы з’яўляюцца ўсё часцей.
Дастаткова крымінальных спраў пра дамашняе насілле расследуе раённы аддзел Следчага камітэта. Прывядзем некалькі прыкладаў.
Жыхар вёскі Пабеда прыйшоў дадому на добрым падпітку. Слова за слова – сварка з жонкай, з якой яны пражылі разам каля пяці год. Яшчэ да ўсяго ў адурманенай алкаголем галаве зарадзілася рэўнасць. Напачатку пагражаў забойствам, потым заваліў жанчыну на дыван і пачаў яе душыць. Цудам пацярпелая змагла вырвацца і выклікаць міліцыю.
Алкаголь і рэўнасць сталі прычынай канфлікту ў сям’і з Шуміліна. Жанчына прыйшла з работы  дадому пазней звычайнага і нецвярозая. П’яны муж “закаціў” сцэну рэўнасці, схапіў павадок для сабакі і пачаў душыць жонку. Фінал не стаў трагічным толькі таму, што жанчына прытварылася мёртвай – гэта супакоіла мужчыну. Пазней жанчыне ўдалося патэлефанаваць у РАУС.
На шчасце, у абодвух выпадках ахвяры самі паспелі выклікаць міліцыю. Згодна з заканадаўствам, гвалтаўнікам за пагрозу забойствам пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Зусім нядаўна супрацоўнікі Следчага камітэта пачалі расследаванне крымінальнай справы ў адносінах да аднаго з жыхароў Амбросавічаў. Мужчына і жанчына разам жылі некалькі гадоў. Атрымаўшы зарплату, з самага ранку пачалі піць, бо нагоды шукаць не прыйшлося – вырашылі адзначыць дзень нараджэння жанчыны. Як устанавіла следства, назаўтра суседзі бачылі жанчыну з сінякамі, але ніхто з іх не патэлефанаваў у міліцыю. А званок мог папярэдзіць трагедыю…
Сужыцелі працягвалі піць і на другія суткі. Зноў-такі ноччу суседзі чулі нейкі грохат, лаянку. Але ніхто не надаў гэтаму ніякай увагі. А раніцай “хуткая дапамога” забрала жанчыну ў рэанімацыю, цяпер віцебскія ўрачы змагаюцца за яе жыццё. Мужчына расказаў следчым, што прыраўнаваў жанчыну і пачаў яе біць рукамі і нагамі. Калі жанчына выжыве, за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў мужчына можа атрымаць да васьмі год пазбаўлення волі. Трагедыю можна было  папярэдзіць, калі б не абыякавасць суседзяў, знаёмых, сваякоў, самой жанчыны.
Сямейнае насілле не можа быць нормай жыцця, не павінна быць нормай. Калі вы чуеце, што мужчына, тым больш нецвярозы, збівае сваю жонку – выклікайце міліцыю. Адным званком, магчыма, вы выратуеце нечае жыццё.
Ірына ШЭНЦАВА, следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
Людміла КАРНАВУХАВА, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Надрукавана ў №19 ад 09.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *