Творчы рост – на шумілінскай зямлі
Сёння далёка не кожная сфера дзейнасці можа пахваліцца высокай выніковасцю работы. А яны могуць. Выкананы ўсе запланаваныя паказчыкі развіцця, засведчана кадравая стабільнасць, заваяваны новыя перамогі, запалены новыя зоркі – менавіта так галіна культуры Шумілінскага раёна завяршыла 2015 год і ўпэўнена сустрэла Год культуры.
Ім сапраўды ёсць чым ганарыцца. Гэта канстатуе і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Мацвяйчук у сваёй справаздачы на выніковай калегіі аддзела. Алег Фёдаравіч адзначае, што на 2015 год прыйшлося нямала знакавых падзей, такіх, як 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Год моладзі. Гэтая акалічнасць, безумоўна, дадала адказнасці і задач работнікам сферы. І яны справіліся.
Дакладчык адзначае, што ў галіне сёння працуе 222 работнікі, якія адказваюць за функцыянаванне 22 клубных устаноў, 22 бібліятэк, 2 музеяў, 2 дзіцячых школ мастацтваў. Дзякуючы ім у раёне працуе 147 калектываў, якія аб’ядналі 1656 самадзейных артыстаў. 20 калектываў носяць званне “народны” і “ўзорны”. За апошнія пяць год творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ўстаноў культуры раёна прынялі ўдзел у 145 конкурсах, фестывалях міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, дзе заваявалі 95 узнагарод.
Важна, што тут на чале ўсіх ключавых падраздзяленняў – школ мастацтваў і раённага цэнтра культуры, Дома рамёстваў і музеяў, метадычнай службы і бібліятэчнай сістэмы – стаяць вопытныя творчыя работнікі, з багатым патэнцыялам, і што іх прафесійны творчы рост у большасці адбываўся на шумілінскай зямлі.
Вось на сцэне з выступленнем кіраўнік аўтаклуба Лілія Барадзёнак. Усё жыццё яна працуе ў сферы культуры, і сёння робіць важную справу – вязе ў самыя аддаленыя куткі раёна канцэртныя праграмы, а з імі – і радасць, і сілкаванне для душы. Ёй ёсць што расказаць прысутным, нездарма ж работа шумілінскага аўтаклуба прызнана лепшай у вобласці.
Вопытам работы і дасягненнямі дзеляцца са сцэны загадчык Обальскай гарпасялковай бібліятэкі Ала Каралёва, дырэктар Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Мацвяйчук. Услед за старэйшымі калегамі да поспехаў імкнецца і моладзь. І ў яе атрымліваецца, пра гэта расказвае малады спецыяліст Шумілінскага РЦК Вераніка Саладухіна.
Са справаздачамі на калегіі выступілі таксама Алена Сініцкая, прафсаюзны лідар работнікаў культуры, і Таццяна Церах, якая адказвае за санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне.
Падводзячы рысу ў рабоце калегіі, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава падзякавала работнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за вялікую і плённую працу. Ірына Іванаўна выказала ўпэўненасць у тым, што творчы патэнцыял яшчэ не вычарпаны, а таму наперадзе абавязкова будуць новыя поспехі.
Узнагароджанне лепшых работнікаў і канцэртная праграма, складзеная з яркіх пераможных нумароў, сталі годным завяршэннем галіновай калегіі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 18 ад 04.03.2016 г.