День информирования прошёл в Светлосельском сельсовете

Актуалии Общество Президент

Вясна, адсюль і характар размовы
Вясна і сонца абудзілі ў людзей прагу жыцця. Няхай гэта гучныя словы, але яно так. Пацвярджэнне гэтага тэзісу — тое кола пытанняў, якія “ўсплылі” падчас гаворкі з вяскоўцамі. Перш за ўсё аб характары размоў з жыхарамі вёсак “язвінскага” куста. Першая на маршруце — вёска Мазекі. Сядзім у хаце старэйшыны Н. І. Клімушэўскай, гаворка — аб клопатах надзённых, аб тым, што чэзне з часам вёска. Сёння ў Мазеках сем жылах дамоў, пераважна — старыя людзі. Ёсць і тыя, хто ахвочы на “дармаўшчыну”: адзін гаспадар узяўся разбіраць сцены колішняй школкі. Дах пасунуўся на зямлю, але броўны можна разабраць для школьных кацельняў. Старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў папрасіў аб гэтым начальніка аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонава. Той аб’ект узяў на карандаш.
У вёсцы Завяззе на сустрэчу прыйшлі чатыры жанчыны. Ва ўсіх — праблемы. Старэйшына Г. А. Якубоўская трымае карову, гадуе цялятак для здачы. Прадала летась адно з умовай, што выдадуць ёй у ААТ “АграБаравінка” па два кілаграмы збожжа на кожны кілаграм жывой вагі бычка. Выдалі ж па аднаму кілаграму, а 80 кілаграмаў “завіслі”. Гадуецца цяля і сёлета, і жанчына на раздарожжы — ці прадаваць: а што калі і зараз ашукаюць. А. П. Сола спытала: ці можна забіраць на дровы асіннік, які не так даўно паклала бурай? Дырэктар Шумілінскага лясгасу І. Я. Папок, які быў у групе работы з насельніцтвам, патлумачыў: лес дзяржаўны, трэба выпісаць вывернутыя дрэвы, хаця па смешнай цане — 60 рублёў за кубаметр. Дарогу па вёсцы расчышчалі, але снег “раскісае” — пажадана прайсціся лапатай трактару. А вось на вадзіцеля аўталаўкі ім пашанцавала: С. У. Масько патурбуецца і пра асартымент, і пра тое, каб прывезці тавары, якія заказалі вяскоўцы.
У Язвіне сустрэліся ў сельскім клубе. Тут мала што старая кацельня, дык і дровы, якія ляжаць пад адкрытым небам, цягаюць вяскоўцы-нядбайнікі. Пайшло за сезон 150 кубоў. Начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук сцвярджае, што дрывотню побач з кацельняй  не ўзвядзеш — чужая зямля. Тут жа павялі гаворку пра бадзяжных сабак. Гэту ж тэму ўзнялі і ў вёсцы Ужляціна, а пры падвядзенні вынікаў аб’езду вёсак прыйшлі да высновы: трэба даручыць УП ЖКГ навесці з гэтым парадак. У чарговы раз. Тут шырокае поле дзейнасці і мясцовай уладзе. Ва Ужляціне, напрыклад, людзі ўказалі на дом, дзе гаспадар развёў цэлы сабачы “прытон”. Ну, а лёс бадзяжных сабак павінны вырашаць камунальнікі.
Наогул жа гаворка ва Ужляціне была бурнай. Жыхары абураліся тым, што ў аўталаўках няма цэннікаў, вагі калі і ёсць, то для блізіру. Прагучала праблема рыжай вады ў калонках, трывожна ў вёсцы, бо няма побач пажарнага вадаёма. Летам ваду можна набраць у возеры, а зімой?.. Ну, і пытанні асвятлення вёскі.
Пра асвятленне, дарэчы, задавалі пытанні не толькі ў “язвінскім” кусце — паўсюды ў сельсавеце. На мерапрыемстве па падвядзенні вынікаў размовы з жыхарамі, якое вёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, на гэту тэму, у прыватнасці, і вялася грунтоўная гаворка. Прыйшла вясна, прыйшоў час адключаць ліхтары на слупах. У вёсцы Баёўка, па сцвярджэнні начальніка РЭС Д. В. Муркова, на працягу 2011 года будзе праведзена рэканструкцыя лініі электраперадач, на наступны год яна прыйдзе ў Саломенку. Рэканструкцыя дазволіць выйсці на ўсе сацыяльныя стандарты.
У аграгарадку Светласельскі не можа задаволіць рэжым работы Ашчадбанка. Выйсце, можа, нават такое — уключыць у работу банкамат у раёне Верхняга горада, напрыклад, побач з цэнтральнай бальніцай. У вёсцы Крупчына заклапочаны тым, што да тутэйшых могілак няма пад’езду, ёсць тут не спілованыя аварыйныя дрэвы, у вёсцы Баёўка П. І. Сокалаў здае пяць тон  малака за год, а такой прывілеі, як дармавое сена з райаграсэрвісу, не мае. Намеснік дырэктара прадпрыемства А. В. Асташонак адказала: ад здатчыка не паступіла ніякай заявы, таму і нарадзілася скарга. І апошняе — па вадзе. Старэйшына вёскі Засіннікі Л. Х. Бабкова пытаецца, ці магчыма за ўласныя грошы правесці ў хату водаправод. Намеснік дырэктара УП ЖКГ У. П. Воранаў адказаў, што гэта паслуга ўвогуле нятанная: трэба пачынаць з вырабу тэхнічнай дакументацыі. А наогул па вёсках практычна не вядзецца перазаключэнне дагавораў на ўжыванне вады і вываз смецця. Няхай камунальная паслуга капеечная, але ж з такіх вось “кропель” і нараджаецца “ручаёк”.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №20 ад 18.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *