Комитет госконтроля информирует

Вестник Комитета госконтроля

Сабе ў страты
Праверкай Полацкага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Міёрскага раёна выяўлены шэраг парушэнняў пры вядзенні ўліку сельгасжывёлы.
Так, напрыклад, пры набыцці жывёлы ў насельніцтва для далейшага вырошчвання ў сакавіку-чэрвені 2015 года на прадпрыемстве не прымянялася ўстаноўленая заканадаўствам скідка ў памеры 3% на змесціва страўнікава-кішачнага тракту, што прывяло да пераплаты грашовых сродкаў насельніцтву ў памеры каля 1 млн руб і павелічэння страт прадпрыемства. Жывёла ўзважвалася часта фармальна, прывагі вызначаліся нават пры адсутнасці ў разліку вагі жывёлы на папярэднюю дату.
Не абгрунтоўваўся ўзровень цэн на рэалізуемую  насельніцтву і закупляемую ў насельніцтва прадукцыю жывёлагадоўлі, прэйскуранты адпускных і закупачных цэн не складаліся, як вынік – БРЖ рэалізоўвалася насельніцтву па цэнах ніжэй сабекошту. Адсюль – недаатрыманне выручкі. Таксама прадпрыемства дапускала неаднаразовыя факты несвоечасовых разлікаў з работнікамі па выплаце зарплаты.
За дапушчаныя парушэнні прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці 6 чалавек. Зараз разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці службовых асоб прадпрыемства і юрыдычнай асобы.

Пенсіянерам вернута ад 5 да 7 млн. руб.
КДК Віцебскай вобласці правёў праверку выканання заканадаўства пры аказанні ў Талачынскім раёне за кошт сродкаў бюджэту медыка-сацыяльнай дапамогі адзінокім і састарэлым грамадзянам, а таксама кампенсацыі выдаткаў дзяржавы пры аказанні гэтай дапамогі. Выяўлена, што са змяненнем у 2012 годзе заканадаўства ў Талачынскім райвыканкаме не быў зменены парадак аказання медыка-сацыяльнай дапамогі ў цэнтральнай раённай бальніцы ў часці памеру спаганяемай з грамадзян платы і накіравання выкарыстання атрыманых сродкаў.
У парушэнне дзеючага заканадаўства кошт такой паслугі ў бальніцы складаў 90% атрымліваемай грамадзянінам пенсіі замест устаноўленага памеру 80% ад пенсіі. Пры гэтым атрыманыя ад грамадзян сродкі накіроўваліся не на аднаўленне выдаткаў бюджэту, а на бягучую пазабюджэтную дзейнасць бальніцы. У выніку за апошнія тры гады пенсіянерамі залішне выплачана бальніцы амаль 50 млн. руб., а бюджэт недалічыўся 400 млн. руб.
Прынятымі райвыканкамам па патрабаванні Камітэта мерамі прыве-дзены ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам парадак аказання медыка-сацыяльнай дапамогі, на суму парушэння скарочаны расходы бюджэту па ўтрыманні раённай медыцынскай установы, пенсіянерам вернута ад 5 да 7 млн. руб.

Завышэнне аб’ёмаў і кошту будаўніцтва
КДК па выніках праведзеных праверак адзначае, што нарматыўна-даведачная база, якая прымяняецца для вызначэння кошту будаўніцтва аб’ектаў будаўніцтва і мантажу абсталявання, патрабуе сістэмнай актуалізацыі.
У цяперашні час КДК Віцебскай вобласці разглядае пытанне аб прыцягненні суб’екта гаспадарання, які ажыццяўляе будаўніцтва моста ў Віцебскім раёне, да адміністрацыйнай адказнасці за завышэнне аб’ёмаў і кошту работ, а, значыць, неабгрунтаванае атрыманне з бюджэту немалых сродкаў.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 23.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *