Высекчы хмызняк па сілах кожнаму мужчыну
У Шумілінскі лясгас на часовую работу патрабуюцца мужчыны. Гэта вестка за дзень абляцела раён. Некаторыя жыхары Сураўнёў уладкаваліся на сезонную работу ў Казьянскае лясніцтва, расказаў яго ляснічы Уладзімір Мазейка. Пачалі паступаць званкі і ў рэдакцыю з просьбай надрукаваць на старонках газеты інфармацыю ад кампетэнтных асоб, як можна ўладкавацца на часовую работу ў лясгас.
“Прымаем усіх жадаючых мужчын, у якіх ёсць жаданне зарабіць грошы, – тлумачыць дырэктар лясгасу І. Я. Папок. – Нам патрэбны памочнікі па высечцы кустоўя ў маладняках. Пасадзілі леснікі некалькі гектараў елак, а побач выраслі асіны ці лазнякі, вось іх і трэба высекчы. Работа няхітрая”. Ігар Яўгенавіч патлумачыў, што падобную сезонную работу жыхарам раёна прапаноўваюць упершыню – у гэтым годзе на сто гектараў павялічылі аб’ём высечкі догляду за маладняком, гэта значыць, трэба дагледзіць амаль 500 гектараў. Леснікі не спраўляюцца з такім аб’ёмам, тым больш, што трэба займацца асноўнай работай – лесанарыхтоўкай.
Пры прыёме на работу перавагу аддаюць мужчынам, якія працуюць у сельгаспрадпрыемствах. Скажам, зараз няма работы ў механізатара – дык можна да пасяўной па дагаворы падраду пайсці падзарабіць у лясгас. Звяртацца наконт часовага працаўладкавання трэба ў бліжэйшае лясніцтва: Шумілінскае, Мікалаеўскае, Мішневіцкае, Казьянскае, Мікіціхінскае, Обальскае. Кожнае з іх гатова прыняць на работу па дзесяць чалавек. Праца разлічана на месяц, а то і больш. Работнікаў на працу ў лес кожны дзень будуць вазіць.
Норма высечкі хмызнякоў – па два кубаметры ў дзень. Бухгалтары лясгасу падлічылі, што пры ўмове выканання нормы высечкі кожны лесаруб атрымае за дваццаць рабочых дзён каля трох мільёнаў рублёў. Ну, а стаханаўцаў чакае і большы заробак.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2016 г.