“Вёска жыве з фермы”
На мінулым тыдні адбылася калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па пытаннях жывёлагадоўлі, у якой удзельнічаў кіраўнік раёна А. І. Снараў. У рабоце калегіі таксама бралі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі, заатэхнікі, ветурачы, эканамісты сельгасарганізацый раёна.
Удзельнікі калегіі наведалі ферму Кардон КУСГП “Ульскі”, дзе ўтрымліваюцца цяляты рознага ўзросту. У цялятніку чыста, укормленая жывёла адпачывае на свежазасцеленай саломе. Яловыя лапкі (іх мяняюць адзін раз на тыдзень), густа замацаваныя ўздоўж кармавых праходаў, ствараюць здаровы мікраклімат.
Пра тэхналогію ўтрымання цялят расказала дырэктар гаспадаркі В. У. Лабейка: “Мінулым летам на вуліцы ля фермы Кардон абгарадзілі месца для цялят, зрабілі стойлы і прывезлі сюды маладняк з фермы Убоіна. Зараз на дарошчванні на ферме Кардон знаходзіцца 210 цялят. Кормім іх сенажом, саломай і камбікормам. Усё робім для таго, каб з цёлак выраслі здаровыя каровы”. Валянціна Уладзіміраўна расказала, што работнікі фермы адказна адносяцца да сваіх абавязкаў, таму і справа ладзіцца.
Спецыялісты райсельгасхарчу адзначылі, што ў рацыёне жывёлы абавязкова павінны прысутнічаць грубыя кармы. Іх у “Ульскім” хапае. Валянціна Уладзіміраўна нават абяцала падзяліцца жытняй і пшанічнай саломай з іншымі гаспадаркамі.
Пасля “Ульскага” ўдзельнікі калегіі накіраваліся ў ААТ “Прыдзвінскі”. Гэта гаспадарка была выбрана невыпадкова: тут дояць малака на 30% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Гэта самы лепшы паказчык па раёне. На ферме Крывое Сяло адчуваецца рука сапраўднага гаспадара. Як, дарэчы, і на ферме Свярдлы, дзе пабудавалі новую даільную залу. Тут усюды парадак, праходы пасыпаны вапнай. У Свярдлах адказная загадчыца, добры калектыў – гэта іх заслуга, што дояць малако гатункам “экстра”, што цяляты менш хварэюць (іх выпойваюць гарбатай з лекавых траў, назбіраных летам), адзначыў дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў.
На ферме Свярдлы была праведзена вучоба для спецыялістаў сельгасарганізацый. Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза расказаў пра лячэнне і прафілактыку буйной рагатай жывёлы ад розных хвароб, дырэктар райплемстанцыі А. А. Казьмін – пра штучнае асемяненне, расцёлы і афармленне патрэбнай дакументацыі.
“Цяляты – гэта будучае кожнай гаспадаркі, гэта малако і грошы, – адзначыў старшыня райвыканкама А. І. Снараў. – Таму патрабую, загадваю і прашу прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць маладняк”.
Адзін з эфектыўных метадаў у названым накірунку – гэта выпойванне цялят праз дрэнчары. Такія прыстасаванні для прымусовага кармлення маладняку закупілі ў “Прыдзвінскім”. Работнікі гаспадаркі правялі майстар-клас, а спецыялісты расказалі, што ў першую гадзіну пасля нараджэння цяляты павінны выпіваць малозіва па два-тры літры (10% ад сваёй вагі). Але часам цяля нараджаецца настолькі слабае, што ў яго адсутнічаюць смактальныя рэфлексы. Вось у такім разе і выручаюць дрэнчары – пасля прымусовага выпайвання нават у самых слабых нованароджаных цялят нармалізуюцца ахоўныя функцыі. Спецыялісты райсельгасхарчу даўно рэкамендавалі закупіць дрэнчары на кожную ферму. Але гэтае патрабаванне ігнаравалі дагэтуль ААТ “Прыазёрны мір”, “АграБаравінка” і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, расказаў І. У. Галуза.
Для падвядзення вынікаў калегіі ўсе яе ўдзельнікі сабраліся ў Крывасельскім сельскім клубе. Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. М. Пытко расказаў пра вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за студзень. З усіх сельгаспрадпрыемстваў Аляксей Мікалаевіч выдзеліў толькі “Прыдзвінскі” і “Лаўжанскае”, дзе плюсуюць па вытворчасці малака ў параўнанні з мінулым годам. Да таго ж, у гэтых дзвюх гаспадарках і яшчэ ў КУСГП “Мішневічы” таварнасць малака склала больш за 90%. Астатнім гаспадаркам ёсць над чым працаваць. Абмяркоўваліся пытанні надояў і прываг, якасці малака, прагулак буйной рагатай жывёлы, правядзення санітарных дзён, выканаўчая дысцыпліна кіраўнікоў і рабочых. “Вы павінны прыйсці на ферму гаспадаром, і навесці там парадак, – звярнуўся да ўдзельнікаў калегіі А. І. Снараў. – Вёска жыве з фермы. Малако – гэта рэальныя грошы, таму варта паклапаціцца пра рост яго валавой вытворчасці”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №13 ад 16.02.2016 г.