Жансавет: Паварот налева забаронены. І іншыя знакі сямейнага жыцця
Вядома, можна адразу сказаць, што здрада, ці нявернасць, у сямейным жыцці недапушчальная, што гэта вельмі дрэнна і не варта таго, каб пра гэта наогул разважаць. Нельга – і ўсё. Ажаніліся (пажадана – раз і на ўсё жыццё), значыць, будзьце вернымі сваім выбраннікам. І на гэтым можна было б паставіць прыгожую, прыстойную, крыштальна чыстую кропку. Можна было б, каб адзюльтэр не сустракаўся ў нашым жыцці гэтак жа часта, як насмарк.
Вопыт пакаленняў
І калі некаму можа падацца, што “хадзіць налева” – выключна мужчынская звычка, то жыццё паказвае, што жанчыны даўно адваявалі сабе гэта права разам з іншымі мужчынскімі правамі і прэрагатывамі.
Праўда, усё ж трэба прызнаць, што мужчыны ў гэтым пытанні больш спрытныя. А што вы хочаце – вопыт пакаленняў як ніяк. Яны ўжо тады трэніраваліся, калі наша першабытная прамаці захоўвала ачаг і разбірала тушу маманта. Карацей, вопыту ў мужчын, безумоўна, больш, з гэтым не паспрачаешся. Але здрада мужчынская і здрада жаночая маюць прынцыпова розны падтэкст, як і вынікі.
Толькі лічбы
Не ўпэўнена, што гэта інтымная сфера паддаецца нейкаму аналізу, але нехта падлічыў, што няверныя сваім законным партнёрам каля 70% мужчын і 40% жанчын. Калі працягваць уражвацца лічбамі, то 70% мужчын выхоўваюць не сваіх дзяцей, а 20% з іх пра гэта нават і не здагадваюцца. Падлічыць усё – гэта цудоўна, але ж хто, скажыце, прызнаецца? Усім вядомая актрыса і тэлевядучая Ларыса Гузеева, напрыклад, раіць ні ў якім выпадку не прызнаваць сваёй віны. І справа тут нават не ў тым, каб выйсці чыстым з вады, а ў павазе (калі ў гэтым выпадку можна гаварыць пра павагу) да свайго партнёра, у нежаданні траўміраваць яго яшчэ больш. Так што, калі “ходзіце налева”, не прызнавайцеся, нават пасля фразы “прызнайся, я ўсё дарую”.
У чым прычына
Разважаць пра нейкія прычыны сямейнай нявернасці – справа няўдзячная. Для адных гэта недапушчальна ні пры якіх абставінах. Для іншых прычынай можа стаць, літаральна, усё. Жанчыны, як правіла, ідуць на здраду ў выпадку, калі не задаволены сваім сямейным жыццём. І ў канечным выніку гэта часта прыводзіць да разводу. Мужчыны ж проста прагнуць новых адчуванняў. Памятаеце вядомае выказванне пра тое, што жанчыны шукаюць лепшага, а мужчыны проста новага? І гэта самая новая можа нават быць і не такой прывабнай і цікавай, як законная жонка. Дарэчы, разводзіцца з-за новага захаплення мужчына дакладна не будзе (ну, сапраўды, не разводзіцца ж за кожным разам).
Вучоныя (вядома, брытанскія) тлумачаць гэта эфектам Куліджа, пры якім асобіны мужчынскага полу праяўляюць высокую сексуальную актыўнасць да кожнай новай асобіны полу жаночага. Да такіх высноў яны прыйшлі пасля працяглага эксперымента, у ходзе якога мужчынам і жанчынам паказвалі некалькі фотаздымкаў асоб супрацьлеглага полу. Чым часцей жанчыны бачылі пэўны мужчынскі твар, тым большую прыхільнасць яны да яго адчувалі. Мужчыны ж наадварот, адну і тую ж жанчыну ацэньвалі “па ўбываючай”: убачыўшы фота першы раз, лічылі яе проста чароўнай, а пасля некалькіх разоў ацэнка зніжалася да “мала прывабнай асобы”.
Вяселле – толькі пачатак
Здрады можна не чакаць ад людзей сціплых, нерашучых. Але ж успомнім, хіба ж на такіх мы звяртаем увагу, калі знаходзімся ў пошуку? Дарэчы, маладосць, здаецца, самы каварны перыяд для нараджэння шлюбу. Але менавіта ў маладосці мы часцей за ўсё і ідзём у загс, нават прыблізна не ўяўляючы, што такое на самой справе сям’я. Некаторым шанцуе адразу, і за іх можна толькі парадавацца. Іншым прыходзіцца прайсці праз нежаротоўныя выпрабаванні, перш чым усвядоміць сутнасць гэтага саюза. Многіх гэтыя выпрабаванні зводзяць з дыстанцыі, і яны спрабуюць зноў і зноў.
Вядома, хацелася б, каб сямейнае жыццё ўладкоўвалася б неяк само па сабе, каб вось з’явіўся ў цябе муж, а з ім і шчасце, і гармонія на доўгія гады. Аўтаматам. Але часцей атрымліваецца так, што вяселле – гэта толькі пачатак пазнання адзін аднаго, пачатак сумненняў і нават расчараванняў. Ад усяго гэтага не выратоўвае і вялізнае каханне.
Новы позірк на старую жонку
Тым, каго цягне налева і хто адчувае непаразуменні з гэтай нагоды са сваім сумленнем, можна параіць паспрабаваць заняцца са сваёй жонкай (мужам адпаведна) тым, чым звычайна займаецеся з палюбоўніцай. Вазьміце яе з сабой у сауну ці більярдны клуб, прапануйце ёй начную рыбалку… Можа аказацца, што яна ў вас таксама яшчэ нічога сабе, што з ёй можна не толькі бульбу разам саджаць. Дарэчы, так думаюць усе мужчыны вакол, акрамя вас.
Кахайце адзін аднаго. І няхай дробныя непрыемнасці не замінаюць бачыць і разумець галоўнае.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №13 ад 16.02.1016 г.