“Сакрэты творчасці”
У мінулым годзе ў рамках праекта “Мы гэтай памяці верныя” работнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея пачалі цесна супрацоўнічаць з раённай ветэранскай арганізацыяй. Як высветлілася, сярод ветэранаў шмат таленавітых людзей, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Яны дапамаглі работнікам музея ў арганізацыі выстаў і конкурсаў ”Свята творчасці і фантазіі”, “Зямны паклон табе, салдат Перамогі”, “Навагоднія фантазіі”, “Свята творчасці: замалёўкі роднага краю”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” і многіх іншых.
Для актывістаў ветэранскага руху работнікі музея арганізавалі і правялі на мінулым тыдні тэматычную сустрэчу “Сакрэты творчасці”, якую прысвяцілі Году культуры.
“Мы вельмі задаволеныя і гордыя тым, што пасябравалі з таленавітымі ветэранамі працы, – адзначыла дырэктар музея С. В. Іванова. – У іх ёсць чаму павучыцца, іх творчыя сакрэты дастойныя ўвагі. І наша сённяшняя сустрэча – своеасаблівая справаздача аб сумеснай рабоце ў мінулым годзе”. Вядучыя расказалі пра кожнага з ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў музейных выставах, уручылі ім падзячныя лісты. І самі ветэраны з задавальненнем расказалі пра свае захапленні. Т. С. Калянковіч паведала гісторыю сямейнага захаплення вышыўкай і вязаннем, Л. П. Сафончык адкрыла для ўсіх тэхніку алмазнай вышыўкі. Шмат цёплых слоў у адрас ветэранаў выказала аматар вышыўкі з райцэнтра У. А. Кучумава. Л. У Жураву, В. М. Чыжыкаву сустрэча натхніла на стварэнне персанальных выстаў. Р. В. Серадзенка, А. Я. Савінкова, М. Я. Якаўлева, К. Ф. Палоўнікава спецыяльна дзеля тэматычнай сустрэчы падрыхтавалі свае новыя вершы і песні.
Работнікі музея адзначылі, што старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава з’яўляецца тым звяном, які злучае творчыя парывы ветэранаў працы з музеем і ўручылі ёй грамату.
Т. П. Фамянок, Т. П. Карніловіч, В. М. Весялкова, В. Р. Танковіч падарылі музею работы, зробленыя сваімі рукамі. А напрыканцы творчай сустрэчы быў абмеркаваны новы культурна-асветны праект “Народная крыніца”, над якім будуць працаваць у гэтым годзе. У сумесных планах ветэранаў і работнікаў музея – вечары-партрэты, вечары-юбілеі, даследчыя работы, розныя выставы і конкурсы.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2016 г.