Па завышаных цэнах
Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з 15 студзеня 2016 года са спісу сацыяльна значных тавараў выключаны шэраг тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулююцца дзяржорганамі. Аднак у пераліку такіх тавараў, цэны на якія рэгулююцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, застаюцца свежая бульба і гародніна.
Рашэннем Віцебскага аблвыканкама ў лістападзе 2015 года ўстаноўлены гранічныя максімальныя адпускныя і рознічныя цэны на ўказаную прадукцыю ў міжсезонны перыяд 2015/2016 (з 15 лістапада 2015 г. да 31 мая 2016 г.). Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці праверыў як выконвалася заканадаўства па прымяненні цэн. У ходзе праверкі ўстаноўлены шматлікія выпадкі рэалізацыі ААТ “Рудакова” і аптовым прадпрыемствам “Альгова” бульбы і плодаагародніннай прадукцыі розным суб’ектам (у тым ліку і дзіцячым дашкольным установам) з перавышэннем вызначаных максімальных адпускных цэн. У выніку ад продажу бульбы, буракоў, цыбулі, морквы, капусты па завышаных цэнах вышэйназванымі прадпрыемствамі атрымана дадатковая выручка ў суме 600 млн руб.
Перабоі ў пастаўках
Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласці працягваецца работа па адсочванні сітуацыі на спажывецкім рынку Віцебскай вобласці. У ходзе кантрольных мерапрыемстваў, праведзеных у студзені 2016 года, спецыялістамі КДК адзначана, што сітуацыя на спажывецкім рынку вобласці застаецца стабільнай, парушэнняў заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні не выяўлена. Фактаў адмовы гандлёвых арганізацый ад атрымання тавараў па прычыне павелічэння адпускных цэн не выяўлена.
Разам з тым, праведзеныя кантрольныя мерапрыемствы ў 4-х гандлёвых аб’ектах Віцебска (магазіны “Аўрора” ПГУП Санрайс і К, “Маркіза” ПГУП “Модны мір”, “Гермес №11” КУГП “Віцебская ўніверсальная база” і №13 ТАА “Віцебскрыба”) паказалі, што нягледзячы на шырокі асартымент тавараў, дапушчаны перабоі ў пастаўках асобных тавараў, пераважна айчыннай вытворчасці.
Па выніках маніторынгу кіраўнікам гандлёвых арганізацый уручаны рэкамендацыі аб папаўненні асартыменту айчынных тавараў, па прадастаўленні неабходнай інфармацыі для пакупнікоў, ухіленні іншых парушэнняў.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №11 ад 09.02.2016 г.