Час і людзі: вёска Баёўка. Гадоў перажытых не сцерці…
Памяць — катэгорыя вечная. Як вечная рана па той вёсцы, якая адышла ў мінулае, але якая не знікла з памяці. У першую чаргу для тых, хто тут нарадзіўся, для каго яна, вёска, была і застаецца роднай, дарагой, любай сэрцу.
Вёска — тая ж матуля, з той хіба розніцай, што вывела яна за свой парог дзесяткі і сотні сваіх сыноў і дачок.
Вёска Баёўка, што сённяшняй вуліцай Дварышчанскай туліцца да мікрараёна СШ № 2, і па сутнасці стала прадмесцем Шуміліна, — не выключэнне. Многія “дзеці” Баёўкі засталіся тут, не пакінулі яе, нямала выехала, вылецела ў пошуках шчасця і лепшай долі. Захацелася сабраць макавінкі ўспамінаў у адну, вобразна кажучы, жменьку, распавесці калі не пра кожную сям’ю вёскі, то прынамсі пра самых шаноўных людзей, пра тых, у каго тут дзедаўскія карані. І першым, хто спрыяў ажыццяўленню такой задумы, быў Уладзімір Іванавіч Шкулаў. Яго ўспаміны цёплыя і кранальныя, у нечым, магчыма, няпоўныя, з “прагаламі” ў дзіцяча-юнацкай памяці. Гэтыя “прагалы” хацелася засеяць ляском успамінаў тых, хто для вёскі Баёўка так і застаўся вечным сынам і пасланнікам.
Баёўка — ад слова “баяць”. Значыць, жылі на гэтай зямлі людзі, ахвочыя да баек, магчыма, частыя былі тут пасядзелкі на прызбе, калі, смалячы тытунь, мужыкі байкі баялі, жанкі збіралі чуткі, стоячы пасярод дарогі з вёдрамі ў руках. Праўда, не гэтым здабылі баёўцы сабе пашану — нямала нарадзіла вёска майстравых людзей: рымараў і стальмахоў, краўцоў і кавалёў, шаўцоў і проста душэўных і шчырых людзей.
Межы Баёўкі ў даваенны час, калі ўзяліся сцягваць хутары да больш буйных аселішчаў, пашырылі хутарскія (а хто кажа, што былі вёскі) сядзібы Пузырова, Цішкова. Вёска ўваходзіла ў калгас “Чырвоны пуцілавец”, тут месціўся вялікі свіран, стаяла кузня, была свая ферма, побач — лядоўня, каб не скісала летам малако. Прымала дзетак і тутэйшая, Машнянская пачатковая школа.
Машнянская школа
У другой палове ліпеня 1944 года, калі аціхлі на зямлі беларускай вызваленчыя баі Вялікай Айчыннай, у вёсцы гасцінна расчыніла дзверы Машнянская пачатковая школа. Праўда, спачатку, да кастрычніка 45-га, у яе была іншая назва — Пуцілаўская. Хто яе так назваў — цяжка сказаць, можа, ад назвы калгаса “Чырвоны пуцілавец”. Але гэта ўсяго здагадка. Ёсць адна дэталь, якая здаецца даволі верагоднай: да таго, як адкрыцца тут школцы, сцены даваеннага будынка сталі прытулкам для многіх “мучаных дзетак” (словы з успамінаў М. М. Зязюлькіна, ураджэнца вёскі Ільінцы, што побач з Баёўкай). Міхаіл Мяфодзьевіч расказвае, што гэтым дзеткам дасылалі з Амерыкі розныя прысмакі, падмацунак, каб паставіць на ногі іх, знясіленых вайной. А яшчэ — пячэнне змешвалі з сырым яйцом, разбівалі і рабілі, як сёння сказалі б, гогаль-могаль.
Праўда, раённы архіў адкрыў нам крыху іншую карціну: у ведамасцях па зарплаце, датаваных ліпенем 44-га, значыцца пачатковая школа, і першай настаўніцай была Тайса Паўлаўна Шапялевіч. Яна не мела дзяцей, таму і вылічвалі ў яе падатак за бяздзетнасць (14 рублёў 16 капеек). Было і такое, і з маладых бабылак, а не толькі бабылёў, “стрыгла купоны” пасляваенная дзяржава. Падаходны ж падатак быў у Т. П. Шапялевіч меншы — 12 рублёў, затое спаганялі з зарплаты 20 рублёў ваеннага падатку.
У жніўні ў школу прыйшла Аліса Антонаўна Якубоўская. Яна з Баёўкі, была настаўніцай і вяла асновы ваеннай падрыхтоўкі. Праўда, на той час многія дзеці-пераросткі ведалі пра зброю больш, чым настаўніца. Але пра гэтыя далёка не бяскрыўдныя гульні — пазней. Месцілася ж школа збоч дарогі, якая паварочвае на ферму. Сёння на тым месцы хлам’ё, рознае ламачча, якое парасло высокай, у рост чалавека, дзікай травой. Але знакаў, сведкаў тагачаснай школы нямала: і чаромха, і яблыні, якія падзічэлі, але цветам і пладамі радуюць чалавека ледзь не кожны год. Тут жа таполя з клейкімі лісточкамі, а не якая там амерыканская, якая стралой імкне ў неба. У гэтай лісточкі як зёлкі — лечаць. У астатнім парасло ваколле былой школы асіннікам і хмызняком. Вельмі хацелася б тут утульнай і дагледжанай мясціны, настоенай на цёплых успамінах тубыльцаў…
Школа была даваеннай. Сцены прасторнай будыніны былі абіты дранкай і замазаны глінай уперамешку з сечанай саломай, каб было цяплей у класах. А можа і тынкам. Зімы былі лютыя, марозныя, і М. М. Зязюлькін памятае, як стаялі па класах “буржуйкі”, як зрываліся дзеці пасля званка да іх і грэлі ссінелыя ад холаду рукі. Стаялі, відаць, і грубкі, хаця верагодней за ўсё яны “прыйшлі” пазней, на памяці ўжо больш маладых баёўцаў, такіх, як У. І. Шкулаў, А. З. Бараноўскі, С. М. Тукаеў. Дзіцячая памяць учэпістая. І згадваюць яны свае 50-ыя, калі распачалі рамонт школы. Узадралі рабочыя маснічыны падлогі, а там пустыя бляшанкі з-пад кансерваў. Аказваецца, у школе фашысты зрабілі казарму. Казалі, нават знайшлі падпалены партрэт Гітлера. На паддашку. Было цікава дзецям, як спальвалі ў агні “вусатага дзядзьку”, галоўнага фашыста.
Класы дзялілі дашчаныя перагародкі. Уздоўж сцен нічога лішняга: вешалкі для дзіцячай вопраткі і шафы для адзення настаўнікаў. Вучняў было больш за 30 дзяцей. У адзін клас маглі трапіць сямігодкі і “бугаі”, бо ў вайну дзеці практычна не вучыліся. Хадзілі ў Машнянскую школу з вёсак Ільінцы, Баёўка, Мошня (былая назва Прыазёрнай). “Брыкета” яшчэ не было, ён з’явіўся на карце раёна ў сярэдзіне 50-ых. М. М. Зязюлькін помніць многіх пачаткоўцаў з Машнянскай школы, але жывыя з іх — адзінкі. Вучыліся з ім браты Печаньковы — Мішка і Лёнька, сёння Леанід Якаўлевіч жыве ў Лескавічах, хадзіў у школу Віктар Кібісаў з Баёўкі, Валодзя Васілеўскі, ужо нябожчык…
Школьны будынак стаяў да пачатку 70-х гадоў. У. І. Шкулаў згадвае: ён вярнуўся з вайсковай службы ў 1972 годзе, і школьнага будынка ўжо не было. У ім апошнія некалькі гадоў не вучылі дзетак, тут жылі перасяленцы. Школьныя пакоі адвялі пад інтэрнат. Перад тым, як перавезці сюды свой дом, туліліся ў былой школцы сем’і Прохаравых, Агурцовых, Бяляевых. Напрыклад, Валерый Прохараў згадвае, што было гэта ў 1971 годзе, бацькі яго пераехалі ў Баёўку з вёскі Клімава — недалёка ад Мікалаёва. Пакуль перавезлі, перасыпалі хату, жылі ў гэтым інтэрнаце. Марыя Мацвееўна, гаспадыня, пайшла працаваць даяркай. А хату сваю паставілі акурат цераз дарогу ад школы, дзе знеслі тады ўжо пахілы ад часу, гнілы калгасны свіран.
Пры школе была бакоўка — для дроў. Школьны двор акаймоўвала агароджа-пляцень з жэрдачак і лазовых пруткоў. Абапал школы раскашавалі яблыні. Саджанцаў тады дастаць было нялёгка, але выручаў садавод Калкоў з Лескавіч — брат вядомага пазней у раёне дырэктара СШ № 1 Аляксея Анісімавіча. Не было далей, у бок фермы, паўз дарогу дзікага хмыззя, твані і невядома адкуль навезенага смецця. За школай сям’я Бараноўскіх садзіла нават некалі свае соткі. А пасля насыпалі дарогу на ферму, паставілі воданапорную вежу, якая вечна злівала на зямлю рэшткі вады, заплывалі водаадводныя канавы паўз дарогу, вось і адзічэла мясціна.
Школа-інтэрнат перастала быць патрэбнай. Кажуць, яе спалілі. Спаліў адзін “гаспадар”, у якога вечна на двары не было ні палена дроў. Ён за зіму разабраў і пусціў дымам свае хлявы, а пасля ўзяўся за школьныя пабудовы. Ведама ж, стаялі без нагляду…
Закончым жа пра настаўнікаў школы. За час з 1944 па 1959 год перабыло тут 12 педагогаў. Зямлячка А. А. Якубоўская працавала да 1948 года, калі нарадзіла дзіця. У яе жыцці і наогул у жыцці сям’і Якубоўскіх было шмат цікава, яно чакае чытача пазней. Загадчыкамі ж школы былі Надзея Сяргееўна Кучынская, была трохі кіраўніком Н. І. Ісачэнка, невялікі час загадвала школай Марыя Аляксандраўна Каласкова, яе на пасадзе змяніла Лідзія Кузьмінічна Шлупакова, якая прыйшла ў Машнянскую ў снежні 1947-га. З лістапада таго ж 47-га працуе настаў-ніцай Ганна Мяфодзьеўна Масько, якая тут да 1955 года. З Л. К. Шлупаковай доўгі час настаўнічае Макар Гаўрылавіч Магучы — адзіны за ўсю гісторыю школы мужчына-выкладчык.
І апошнія “школьныя” штрыхі. У ліпені 1946 года Н. С. Кучынская нарадзіла другое дзіця (усё адно плаціла за бяздзетнасць, хаця і менш), сумарна дародавы і пасляродавы водпуск быў у яе працягласцю адзін месяц. Яшчэ адно дзіця з’явілася ў настаўніцы ў 1948-ым.
(Працяг будзе).
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №19 ад 15.03.2011 г.