Алена Карпушэнка: “Жыву, як і ўсе”
Алена Мікалаеўна Карпушэнка, адказны сакратар рэдакцыі газеты “Герой працы”. Калі ўзнікла пытанне, каго рэкамендаваць на раённую Дошку гонару, варыянт быў адзін – Алену Карпушэнка, за яе прагаласавалі ўсім калектывам рэдакцыі.
Цяжка коратка напісаць пра такога чалавека, як Алена Карпушэнка. Чалавека, які ва ўсім імкнецца да дасканаласці. Прыродная цікаўнасць, добрая памяць, уменне аналізаваць і сістэматызаваць інфармацыю – ёй у дапамогу. Алене хапае ўседлівасці, каб унікнуць і разабрацца з чарговай камп’ютарнай праграмай, нарматыўнымі дакументамі, новым правапісам… Здаецца, яна ўмее ўсё. Пры гэтым, не мітусіцца, разважлівая, знаходзіць час кожнага выслухаць, даць талковую параду.
Вось такая яна наша Алена Карпушэнка. У калектыве яе любяць і цэняць. Рэдакцыі цяжка было б без яе абысціся, бо калі коратка расказаць, што ўваходзіць у абавязкі адказнага сакратара, скажам так – увесь працэс стварэння газеты: ад планавання чарговага нумара да вёрсткі і адпраўкі палос у друкарню. Плюс яна курыруе работу рэкламнага аддзела, з’яўляецца старшынёй прафсаюзнай пярвічкі.
Памятаю, як Алена прыйшла ў рэдакцыю. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта год адпрацавала ў Віцебскім вучылішчы будаўнікоў. Але будучых муляраў і сталяроў мала цікавілі беларуская мова і літаратура. А яна не хацела працаваць без аддачы. Тады і прыйшла да нас.
Мінула 17 год. Час пацвердзіў, што рэдакцыя газеты – яе месца работы, па душэўным імкненні, па здольнасцях, па творчай атмасферы. Алена прызнаецца, што ёй тут камфортна і працаваць, і сябраваць.
А на пытанне, чым ганарыцца, пра што марыць, Алена толькі ўсміхнулася: “Нічым асаблівым пахваліцца не магу, жыву, як і ўсе”.
Яна сціплая, наша Алена. Сапраўды, не будзе ж яна хваліцца сваім неаспрэчным аўтарытэтам ў калектыве, сваім пастаянным самаўдасканальваннем ва ўсім, за што б ні бралася – будзе гэта дызайн вёрсткі газетнай паласы ці выкрайка і пашыў моднага кейпа.
І мары, як ва ўсіх: каб выдатніца дачушка Арына знайшла сваю шчаслівую дарогу ў жыцці, каб у сям’і ўсё было добра, каб работа была стабільнай і раённая газета працвітала, каб на дачы ад вясны да восені буялі кветкі… Усё, як ва ўсіх. А чаму б і не!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2016 г.