Навесці парадак і на вуліцах, і на фермах
У мінулую пятніцу пад старшынствам А. І. Снарава прайшло першае ў 2016 годзе пасяджэнне райвыканкама. На парадак дня пасяджэння былі вынесены два пытанні: “Аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна і мерах, якія прымаюцца па іх паляпшэнні” і “Аб стане вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў сельгасарганізацыях раёна ў 2015 годзе”.
Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў А. Р. Дзмітрэнка, які выступаў па першым пытанні, адзначыў, што дзякуючы рабоце супрацоўнікаў праваахоўных органаў у 2015 годзе ўдалося стабілізаваць аператыўную абстаноўку ў раёне і дабіцца станоўчых вынікаў у параўнанні з 2014 годам. З 288 да 258 выпадкаў знізілася агульная колькасць злачынстваў (на 10,4%), з іх па лініі крымінальнага вышуку са 188 да 161 (на 14,4%). З 16 у 2014 да 7 у 2015 годзе скарацілася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, знізілася групавая і “п’яная” злачыннасць.
Разам з тым, узровень крыміналізацыі на 10 тысяч насельніцтва застаецца высокім – 139,5 злачынства (па вобласці 94,3, па рэспубліцы 102,3), на мінулагоднім узроўні засталася колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі і раней судзімымі асобамі.
Аляксандр Рыгоравіч прааналізаваў структуру цяжкіх злачынстваў і адзначыў, што карэнным чынам паўплываць на сітуацыю можа толькі мэтанакіраваная планамерная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі разам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй насельніцтва. Арганізацыя ўзаемадзеяння міліцыі з жыхарамі раёна будзе ўскладзена на ўчастковых інспектараў. Важнае месца ў прафілактычнай рабоце займае пытанне дэалкагалізацыі насельніцтва, бо, як паказвае практыка, большасць злачынстваў і ўсе цяжкія і асабліва цяжкія робяцца ў стане алкагольнага ап’янення.
Калі разглядаць праблему злачыннасці па тэрыторыях, то зразумела, што больш злачынстваў адбываецца там, дзе больш людзей: у Шуміліне здзейснена ў мінулым годзе 50 злачынстваў, у Обалі – 38, у Лаўжанскім сельсавеце – 21, Мікалаеўскім і Светласельскім – па 16, Мішневіцкім – 8, Сіроцінскім – 6, Каўлякоўскім – 4, Дабейскім – 2 злачынствы. А вось па раскрывальнасці лепшая сітуацыя ў Сіроцінскім (раскрыты 83% злачынстваў), Светласельскім, Лаўжанскі (57%) сельсаветах (75%) і ў г.п. Шуміліна (70%), на астатніх тэрыторыях раскрыта палова ці нават менш за палову зарэгістраваных злачынстваў. Дарэчы, у Обальскім, Мікалаеўскім і Лаўжанскім сельсаветах дапушчаны рост колькасці злачынстваў, на астатніх тэрыторыях адбылося зніжэнне.
Самым распаўсюджаным злачынствам з’яўляюцца крадзяжы, нізкім застаецца ўзровень раскрыцця гэтых злачынстваў (47%).
Маніторынг сітуацыі паказаў, што не ўсюды на месцах забяспечана выкананне заканадаўства аб захаванасці ўласнасці, дапускаюцца элементы звычайнай безгаспадарчасці, нерацыянальнага выкарыстання матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў. Ёсць праблемы ў забеспячэнні захаванасці ўласнасці, у пажарнай бяспецы, стварэнні бяспечных умоў працы, экалагічнай бяспецы.
Захоўваецца абыякавае стаўленне насельніцтва да сваёй маёмасці. У прыватнасці, не ўдаецца вырашыць праблему крадзяжоў веласіпедаў, якія ўласнікі кідаюць без нагляду каля крам, пад’ездаў жылых дамоў, на лесвічных пляцоўках. У выніку за 2015 год скрадзена 16 ровараў, з якіх знайшлі толькі 4.
Начальнік РАУС адзначыў, што адбываецца рост злачынстваў, раней для раёна нехарактэрных. Так, у мінулым годзе было выяўлена 4 злачынствы, звязаных з незаконным абарачэннем наркотыкаў, на 4-х грамадзян складзены адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення, за вырошчванне маку да адказнасці прыцягнуты 21 чалавек. На ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 6 асоб, якія ўжываюць наркотыкі. Узбуджаны 2 крымінальныя справы за распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў, за заняцце прастытуцыяй складзены 3 пратаколы.
У дакладзе А. Р. Дзмітрэнка паказаў сітуацыю на дарогах раёна. Так, з 13 у 2014 годзе да 8 у мінулым годзе знізілася колькасць ДТЗ, у якіх пацярпелі людзі. На жаль, і ў 2015 загінуў адзін чалавек, яшчэ 8 – пацярпелі. Супрацоўнікамі ДАІ выяўлена 5044 выпадкі парушэння правілаў дарожнага руху (+375 да 2014 года), за парушэнне хуткаснага рэжыму прыцягнуты 2398 вадзіцеляў (+313), да адказнасці прыцягнута 475 пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту (+19), 90 вадзіцеляў (–18) затрыманы за кіраванне транспартным сродкам пры адсутнасці правоў кіравання, 82 вадзіцелі (–2) затрыманы за кіраванне транспартам ў стане алкагольнага ап’янення. У якасці прафілактычных мер начальнік міліцыі заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый да большай патрабавальнасці да пытанняў дысцыпліны, допуску транспартных сродкаў і вадзіцеляў да дарожнага руху, да забеспячэння наяўнасці святловяртальных элементаў у падначаленых.
У заключэнне А. Р. Дзмітрэнка заўважыў, што толькі сумеснымі намаганнямі мы можам і павінны навесці парадак ў раёне і забяспечыць належны ўзровень правапарадку і законнасці. У абмеркаванні пытання браў удзел начальнік аддзела прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама У. М. Пранько.
У прынятым рашэнні адзначана здавальняючая, але недастатковая работа раённага аддзела ўнутраных спраў, вызначаны канкрэтныя напрамкі дзейнасці, якія патрабуюць асаблівай увагі і ўдасканалення з боку супрацоўнікаў РАУС, іншых суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў.
Па другім пытанні з дакладам пра сітуацыю ў жывёлагадоўлі ў мінулым годзе выступіў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. М. Пытко. За 2015 год аб’ём валавой прадукцыі жывёлагадоўлі па сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна у супастаўляльных цэнах склаў 205 млрд рублёў (79,7% да 2014 года). Акрамя ААТ “Прыдзвінскі” (107,2%) і КУСГП “Мішневічы” (100,1%), усе гаспадаркі дапусцілі зніжэнне. Па вытворчасці малака аб’ём валавой прадукцыі склаў 90,1%, па вырошчванні мяса буйной рагатай жывёлы (БРЖ) – 46,2%, па вырошчванні свіней – 22,9%.
Валавы надой малака за 2015 год склаў 20157,9 тоны (90,1% да 2014 года). Зніжэнне адбылося за кошт скарачэння колькасці кароў на 1244 галавы. Найбольшае зніжэнне дапусцілі ААТ “Прыазёрны мір” і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. КУСГП “Мішневічы”, ААТ “Лаўжанскае” і “Прыдзвінскі” паказалі рост вытворчасці малака.
Надой на карову ў цэлым па раёне павялічыўся і склаў 2804 кг за год (105,3% да 2014 года). Знізілі надой на карову ААТ “АграБаравінка”, “Прыазёрны мір”, райаграсэрвіс. Больш чым у 2014 годзе надаілі ў “Мішневічах”, “Сіроцінскім”, і “Прыдзвінскім”.
Аляксей Мікалаевіч адзначыў нізкую таварнасць малака – 88,8%, мала малака прадаецца высокімі гатункамі – “экстра” і “першым”. А гэта якраз дадатковыя грошы, якіх так не хапае на зарплату і бягучыя расходы. Высокім застаецца і расход кармоў на 1 кг малака – 1,8 кг кармавых адзінак (163% да нормы).
Не лепшым чынам складваецца сітуацыі і па вытворчасці мяса – 8763,4 тоны (76,5% да 2014 года), па БРЖ – 1375,5 тоны (46,2%). Рост вытворчасці паказаў толькі “Прыдзвінскі” (104,8%). Нізкімі з’яўляюцца прывагі жывёлы на вырошчванні – 268 г (–307 г да 2014 года). Рост забяспечылі толькі ў “Прыазёрным міры” – 538 г (+3 г). Зніжэнне вагі паказала “Лаўжанскае” (– 271 г), істотнае зніжэнне – “Ульскае” (360 г, – 465 г), “Сіроцінскае” (300 г, –397 г). У большасці гаспадарак высокі ўзровень расходу кармоў.
Колькасць пагалоўя БРЖ склала на 1.01.2016 года 18467 галоў (87,7% да пачатку 2015 года). Рост пагалоўя паказалі “Прыдзвінскі” і “Ульскі”. Колькасць кароў знізілася за мінулы год на 1224 галавы і склала на пачатак бягучага года 7096 галоў.
“Сітуацыя правалена па ўсіх пазіцыях, – падсумаваў вынікі старшыня райвыканкама А. І. Снараў. – Можна сказаць, што, скарачаючы пагалоўе, у гаспадарках рубяць сук, на якім сядзяць. Патрабуецца працаваць у ручным рэжыме ў кожнай гаспадарцы, на кожнай ферме. Без росту пагалоўя буйной рагатай жывёлы, без захаванасці жывёлы, без эфектыўнасці пакрыцця кароў і цёлак немагчыма гаварыць пра рост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі”.
На пасяджэнні райвыканкама справаздачу трымалі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікі райплемстанцыі і райветстанцыі, кіраўнікі і спецыялісты ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Старшыню райвыканкама цікавіла іх бачанне сітуацыі і шляхоў выхаду з яе. Размова вялася жорсткая і канкрэтная па кожнай гаспадарцы. Некаторыя атрымалі адмоўную адзнаку за пасіўнасць, за невыкананне прамых даручэнняў раённага кіраўніцтва па навядзенні парадку на фермах і ў майстэрнях.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава ўзняла пытанне закупу ААТ “Лаўжанскае” цялят у насельніцтва. Кіраўніцтву гаспадаркі даручана праз раённую газету праінфармаваць жыхароў раёна пра ўмовы, тэрміны і парадак закупкі цялят.
Па выніках абмеркавання пытання было прынята рашэнне райвыканкама і складзены пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама з указаннем дакладных тэрмінаў іх выканання.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.