У планах – купіць прэс
Ала Пятроўна і Барыс Уладзіміравіч Асмалоўскія, які доўгі час жылі і працавалі ў Магілёве, пятнаццаць гадоў таму пераехалі ў вёску Андрэева Мікалаеўскага сельсавета. Такое рашэнне аднагалосна прынялі на сямейнай нарадзе, бо трэба было даглядаць састарэлых бацькоў Алы Пятроўны.
Самі вясковыя, Асмалоўскія завялі гаспадарку і ўладкаваліся працаваць на мясцовую ферму. Але больш за год таму ферму Андрэева закрылі, і Ала Пятроўна з Барысам Уладзіміравічам вырашылі ўшчыльную заняцца асабістай гаспадаркай. “Мы ўвесь час трымалі адну-дзве каровы, было і тры, – расказала гаспадыня. – Ну, а тут вырашылі пашырыць сваю гаспадарку. Пабудавалі хляўчук. Сёння там гадуюцца пяць кароў, дзве пакрытыя цёлкі і кабыла Машка”. Гаспадарка па сучасных мерках вельмі вялікая. Тым больш, што ёсць на падворку яшчэ і парасяты. Ну, а курэй тут і ў разлік не бяруць.
Засталі Асмалоўскіх за важкай работай: на коніку яны вывозілі гной з хлеўчука. Гаспадар адразу адмовіўся фатаграфавацца, а вось Ала Пятроўна трапіла ў аб’ектыў. Мы запыталіся ў Асмалоўскіх, як паспяваюць спраўляцца з такім статкам. “Зразумела, нялёгка. Асабліва летам кожны дзень у клопатах, – кажа Барыс Уладзіміравіч. – Але ж работа ў нас механізаваная: маем уласны трактар, плугі, касілку, варушылку, прычэп. Каровы летам пасвяцца ў электрапастуху. Ну, а з сенам дапамагаюць упраўляцца два сыны і дачка, падрастае ўнучок. Адным словам, стараюцца ўсе. А мы дапамагаем дзецям, якія распачалі будаваць уласнае жыллё ў горадзе”.
Даенне кароў – гэта клопат гаспадыні. І хто хоць аднойчы спрабаваў даіць карову, разумее, як гэта цяжка зрабіць уручную, асабліва калі ў хлеўчуку некалькі кароў. Таму Асмалоўскія набылі даільны апарат.
Ала Пятроўна і Барыс Уладзіміравіч расказалі, што ад нялёгкай сялянскай працы можна мець рэальны прыбытак. Але асноўны заробак ад здачы малака летам. Бывала, атрымлівалася па сем мільёнаў і больш. Зімой, калі каровы ў запуску, няма і паловы гэтага.
Мы пацікавіліся ў Асмалоўскіх пра іх далейшыя планы на жыццё. “Яшчэ дакладна не вырашылі, але, напэўна, пакінем навацельных маладых кароў для сябе, – усміхаюцца гаспадары. – Будзем даглядаць, пакуль ёсць сілы”. Ну, а ў марах гаспадара – купіць прэс-падборшчык, з ім значна лягчэй будзе летам спраўляцца з сенам. Але прэс каштуе каля шасцідзесяці мільёнаў – такія грошы збіраць трэба. І Асмалоўскія крыху адкладваюць: да мэты ўсё бліжэй.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.