У Надежды Столяренко свой мир увлечений

Мир увлечений

Творчасць – у спадчыну ад бабулі
Надзею Валянцінаўну Сталярэнку з Шуміліна блізкія называюць цёплым і казачным словам “чараўніца”. Яна вяжа, шые, вышывае, майструе вырабы з бісеру, нітак, лёну, паперы і іншых немудрагелістых матэрыялаў.
“Творчасць перадалася ў спадчыну ад бабулі і маці, – кажа Надзея Валянцінаўна. – Колькі помню са свайго дзяцінства, усе жанчыны ў нас вязалі, шылі і вышывалі. Яны і былі маімі першымі настаўнікамі –  пруткі і кручок узяла ў свае рукі гадоў у пяць, а, можа, і раней. Прайшло нямала часу, але з кожным годам стараюся ўдасканальваць сваё майстэрства: чытаю адпаведную літаратуру, цікаўлюся навінкамі ў інтэрнэце”.
Галоўнае, што ў жанчыны ёсць вялікае жаданне ўвесь час вучыцца, авалодваць новымі тэхнікамі. Надзея Валянцінаўна прызнаецца, што для творчасці заўсёды знаходзіць час. І гэта нягледзячы на тое, што з’яўляецца маці дзвюх дачок і сына, што працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры і абслугоўваючай працы ў Амбросавіцкай школе.  “Надзея Валянцінаўна – гэта знаходка для нас, – шчыра кажа дырэктар школы І. А. Матэленак. – Яна разам з іншымі настаўнікамі шыла касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі. Трэба фартухі ці сурвэткі для сталовай – зноў звяртаемся да Надзеі Валянцінаўны”.
Дарэчы, Н. В. Сталярэнка перадае свае веды дочкам (яны не супраць такой спадчыны і таксама захапіліся творчасцю). І ў Амбросавіцкай школе дастаткова ахвотнікаў навучыцца рабіць прыгажосць сваімі рукамі – вось ужо некалькі гадоў запар Надзея Валянцінаўна з’яўляецца кіраўніком гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чарадзей”, кабінет якога ўпрыгожваюць вырабы школьнікаў. Тут і вышытыя карціны, і розныя вязаныя вырабы, і сувеніры, і пашытыя сумачкі, і розныя лялькі. Яны сядзяць на паліцы і нагадваюць: вось яно, дзяцінства, побач з табой, толькі працягні руку.  Ацэнка творчасці і работы настаўніцы – гэта перамогі яе вучняў у розных раённых конкурсах. Вось і нядаўна дзевяцікласніца Кацярына Васілеўская ў раённым этапе конкурсу “Калядная зорка” ў намінацыі “Цацка” атрымала дыплом першай ступені.
Н. В. Сталярэнка ў кожную сваю работу ўкладвае душу. І такіх вырабаў, як робіць яна, нідзе не купіш. Вяршыня творчасці – вязаныя шалі і самаробныя лялькі. Некаторыя лялькі пабывалі на “Славянскім базары” ў Віцебску і на раённай выставе майстроў, што ладзіцца кожны год на Дзень Незалежнасці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *