Инспектор «Энергонадзора» Александр Храповицкий не мечтает, а действует

Молодёжь Спорт, туризм Экономика

Упэўнены і настойлівы
“З Аляксандрам Храпавіцкім лёгка працаваць, – адзначае начальнік раённага філіяла “Энерганагляду” Яўген Лебедзеў. – Дысцыплінаваны, кампетэнтны, камунікабельны і спакойны. І, што самае галоўнае, Аляксандр пастаянна ўдасканальвае свае веды, знаёміцца з навінкамі”.

У службовыя абавязкі інспектара “Энерганагляду” Аляксандра Храпавіцкага ўваходзяць забеспячэнне электрабяспекі на прадпрыемствах раёна, прафілактыка электратраўматызму, выяўленне крадзяжоў электрычнай энергіі і інш. За два гады работы хлопец, нягледзячы на малады ўзрост, сваім прафесіяналізмам  заслужыў павагу і аўтарытэт.
Аляксандр Храпавіцкі родам з Мікіціхі. Вучыўся ў Мікіціхінскай СШ. Многіх настаўнікаў здзівіла, што моцны вучань пасля дзевяці класаў не пайшоў ў 10-ы клас, а паступіў у Гарадоцкі тэхнікум. “Дзесьці ў восьмым класе прыйшла даросласць, пачаў задумвацца пра жыццё, – расказвае Аляксандр. – Менавіта тады і “расклаў” сваю прафесійную сцежку: спачатку закончыць тэхнікум, а затым – ВНУ. Сёння пра такі выбар зусім не шкадую. Атрымалася, што ў тэхнікуме далі практычныя веды, а ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным ўніверсітэце – тэарэтычныя”.
Выпускніка БДАТУ Аляксандра Храпавіцкага размеркавалі на работу на Шклоўскі камбікормавы завод. Але, відаць, не надта быў патрэбны заводу малады энергетык, таму і адпусцілі яго ў “свабоднае плаванне”.
Першым месцам работы Аляксандра Храпавіцкага стала “АграБаравінка”, куды яго ўзялі галоўным энергетыкам. Маладому спецыялісту ха-піла некалькі месяцаў, каб заваяваць аўтарытэт у гаспадарцы. “Проста цудоўна, што пачаў працаваць у сельскай гаспадарцы, – заўважае Аляксандр. –  Быў і электрыкам, і энергетыкам у адной асобе. Работа дала каштоўны прафесійны вопыт. Прыходзілася хутка разбірацца ў нюансах, знаходзіць рашэнне”.
Са школы Аляксандр захапляецца спортам, шмат часу праводзіць на стадыёне. Захапленне нумар адзін – футбол: ці самому пабегаць на полі, ці паглядзець па тэлевізары футбольны матч.  Калі вучыўся ў Гарадку, гуляў у баскетбол, ва ўніверсітэце даволі сур’ёзна займаўся класічнай барацьбой. А вось падчас работы ў “АграБаравінцы” кіраўніцтва гаспадаркі прызначыла яго адказным за спорт. Галоўны энергетык да грамадскай нагрузкі аднёсся з поўнай адказнасцю: каманда з “АграБаравінкі” брала ўдзел у раённых спартыўных мерапрыемствах, ну а душой гэтай каманды быў Аляксандр Храпавіцкі.
Аляксандр Храпавіцкі ніколі не расказвае пра  свае планы. Ён упэўнены, што гаварыць можна толькі пра тое, што зрабіў, чаго дасягнуў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 5 ад 19.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *