Каждый может помочь птицам выжить в стужу

Актуалии Общество Экология

Дапаможам птушкам
Студзеньскай раніцай маю ўвагу прыцягнула сініца, якая ахвотна прымала мой гасцінец на кармушцы. Да яе праз некалькі хвілін далучылася яшчэ адна, і яшчэ… І так ужо цэлая чарада тут як тут! Яны па чарзе, змяняўшы адна адну, старанна клявалі падвешанае сала. Назіранне за імі мяне натхніла ўзяць у рукі фотаапарат…
Сініцы жывуць у лясах. Мы часта іх сустракаем на дачах, у садах, парках. Круглы год яны адшукваюць на дрэвах і хмызняках шкодных насякомых, іх лічынкі і яйкі, тым самым прыносяць вялікую карысць садаводам. У зімовы час ім цяжка здабыць ежу. З дзесяці асобін выжывае толькі адна. Такая сумная статыстыка…
Па добрай традыцыі кожную зіму грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) праводзіць акцыю “Птушкі на кармушцы”. Усіх нераўнадушных і сяброў птушак просім далучыцца да гэтай высакароднай акцыі.
Тэкст і фота Інэты Пацалуйка, в. Пабеда.

Чым напоўніць кармушкі?

Зіма і моцны мароз – цяжкі перыяд не толькі для людзей, але і для птушак, якія зімуюць у горадзе. Чым і як часта трэба карміць птушак, а галоўнае, што не трэба ім даваць?
Галубы любяць кляваць семкі з зямлі, а вось вераб’і і сінічкі – з кармушкі.
Асноўным кормам для ўсіх птушак з’яўляюцца звычайныя семкі. Але сачыце, каб яны былі не салёнымі і не смажанымі. Карыснымі будуць семкі гарбузоў і шчыльныя аўсяныя шматкі.
Таксама вераб’і, галубы і сінічкі любяць пакляваць несалёнае сала і замарожанае масла.
Супрацьпаказана даваць птушкам крошкі чорнага хлеба. Ён можа забрадзіць у страўніку птушкі і выклікаць атручэнне. А вось крошкі падсушанага белага хлеба будуць птахам даспадобы. Важна памятаць, што лепш даваць менавіта падсушаны хлеб. У свежай булцы дужа шмат вільгаці, і такі пачастунак можа паскорыць працэс замярзання птушкі.
А вось снегіры і амялушкі (свиристели – рус.) – самыя нячастыя госці кармушак. Яны звычайна кормяцца ў кронах дрэў. Іх асноўным зімовым рацыёнам з’яўляецца рабіна.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №4 ад 15.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *