Біятлон
У Раўбічах прайшлі “Алімпійскія дні моладзі па біятлоне”. За каманду Віцебскай вобласці выступалі і нашы землякі Кірыл Цюрын і Вольга Гаўрылкіна (першы трэнер Генадзь Салапаеў).
Кірыл Цюрын стаў першым у спрынце. У складзе эстафетнай каманды Віцебшчыны заваяваў трэцяе месца. У гонцы з чатырма агнявымі рубяжамі крыху не хапіла да п’едэстала – чацвёртае месца.
Вольга Гаўрылкіна вызначылася трыма трэцімі месцамі – у гонцы з чатырма агнявымі рубяжамі, спрынце і эстафеце.
Па выніках спаборніцтваў сфарміравана юніёрская зборная Беларусі для ўдзелу ў першынстве свету па біятлоне сярод юніёраў, які пройдзе ў Румыніі ў канцы студзеня-пачатку лютага. У зборную адабраліся Кірыл Цюрын і Вольга Гаўрылкіна. У складзе юніёрскай зборнай будзе і яшчэ адна наша зямлячка – Ганна Сола, якая выступае з асноўнай камандай на этапах кубка свету па біятлоне.
Міні-футбол
Працягвае ўдалае выступленне ФК “Шуміліна” ў альтэрнатыўнай лізе Віцебска па міні-футболе.
У чарговым матчы нашы землякі перамаглі з лікам 3:0 віцебскі “Альянс”, галамі вызначыліся Арсеній Каробчыц, Аляксандр Буланаў і Аляксандр Янкевіч.
У турнірнай табліцы альтэрнатыўнай лігі лідзіруе «Аблсельбуд» з 27 ачкамі, на другім месцы – ФК «Шуміліна» (22 ачкі), на трэцім – «Хмель» (17 ачкоў).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №4 ад 15.01.2016 г.