Вопросы профилактики правонарушений, приусадебных хозяйств и платных услуг рассмотрены на заседании президиума районного Совета депутатов

Актуалии Общество Президент

Надзённа, а галоўнае, каб плённа
На парадак работы прэзідыума былі вынесены тры надзённыя пытанні: аб узаемадзеянні міліцыі і саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку па прафілактыцы п’янства і алкагалізму, папярэджанні правапарушэнняў; аб плане мерапрыемстваў па выкананні параметраў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян; аб развіцці платных паслуг.
Пачнём з першага пытання. Перад тым, як прагучаў даклад, зроблены старшынёй пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі З. А. Зазыба, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава прывяла статыстыку: у раёне за мінулы год было прададзена з разліку на душу насельніцтва 50,5 літра алкаголю, а калі ўлічыць і піва са слабалкагольнымі напоямі, то і ўсе 80. Трывожныя лічбы. Не менш трывожна за ўзровень злачыннасці (дынаміка яе не паляпшаецца), за дзетак, якія апынуліся ў асабліва небяспечным становішчы (за 2009 год іх было 123, у 2010 — 202), трывожыць “армія” тых, хто на ўліку ў нарколага. Мерапрыемстваў па выкараненню п’янства і падзенню злачыннай крывой у раёне праводзіцца шмат, але важна, каб быў плён ад работы. Пакуль што эфект ад іх невялікі.
З. А. Зазыба ў дакладзе спынілася на рабоце ўчастковых інспектараў, раённай камісіі па справах непаўналетніх, адзначыла рэзервы, якія не ўступілі яшчэ ў “рашаючы бой”. Тут і работа добраахвотных народных дружын, і гурткоў, і секцый. Важна, на думку Зінаіды Аляксееўны, заняць карыснай справай вольны час падлеткаў, прапанаваць ім і дарослым цікавую альтэрнатыву.
У размове па тэме ўзялі ўдзел прадстаўнікі РАУС І. А. Шаціла і А. М. Казлоў, начальнік РАНС І. А. Крукаў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, старшыні сельсаветаў. Усе прыйшлі да высновы, што ДНД (іх у раёне 18) павінны працаваць не на паперы, што члены дружыны маюць права разлічваць на заахвочванні, пасведчанні і нагрудныя значкі. Хто павінен спрыяць рашэнню гэтых пытанняў? У першую чаргу РАУС сумесна з аддзелам па справах моладзі райвыканкама.
Пажадана разгрузіць у самім аддзеле міліцыі ўчастковага інспектара з тым, каб той хаця б тры дні працаваў на ўчастку. І яшчэ — у Светласельскім сельсавеце, напрыклад, цэлы год няма ўчастковага. “Конкурс аб’яўлены, — сказаў першы намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла. — Ёсць кандыдаты, хаця не  ўсё так проста…”
Аб праблемах у асабістых падсобных гаспадарках тон гаворкі задаў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Р. У. Валадзько. Жывёлы на прыватных падворках усё менш, кароў засталося крыху больш за 860 галоў. Быў жа не такі і далёкі час, калі гурт быў у 2-3 разы большы. Прычына ў тым, што кожная пятая карова вяскоўца застаецца ялавай, ёсць пытанні да ветэрынарных службаў гаспадарак. Неахвотна гадуе вясковец на продаж цялят, свіней, авечак, іншую жыўнасць. Зацікаўленасць у арганізацыі закупу лішкаў мяса павінна мець райспажыўтаварыства. Па ўсім відаць, нарыхтоўшчыкі будуць крэдытаваць гаспадара, які абавязаўся выгадаваць і прадаць цяля, свінню, шляхам завозу камбікармоў, іншых паслуг. Тое ж самае будзе і па закупе агародніны.
Дамагліся плёну ў барацьбе са здачай лішкаў малака, у якім утрымліваюцца антыбіётыкі. Калі ў 2009 годзе было забракавана па гэтай прычыне 56 тон малака, летась — 43 тоны, то з пачатку сёлетняга  ўсяго 700 кілаграмаў. Вінаваты ў шкодніцтве пакараны.
Гаворка вялася аб паслугах для вяскоўца і расцэнках (давесці да старэйшын вёсак, каб ведалі ўсе), аб далейшай рабоце па вывядзенню ў межы севазвароту прысядзібных участкаў пад сяўбу збожжавых.
Пасля аналізу па платных паслугах, зробленага начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідаравай, аб планах па пашырэнні сферы паслуг расказаў дырэктар КУПБАН В. П. Бабічаў. Чатыры гады ўжо не праводзіцца на базе камбіната расчэсванне воўны (і яно наўрад ці адновіцца), затое 38 мільёнаў рублёў за 2010 год зарабілі ад паслуг трактара. Відаць, прыспеў час мець да яго набор глебаапрацоўчых агрэгатаў, адкрыць тут новыя рабочыя месцы з тым, каб наладзіць нарыхтоўку і прывоз дроў для насельніцтва. Па-ранейшаму будзе пад максімальную нагрузку пастаўлены млын (у тым ліку і мабільны). За 2010 год размол фуражнага зерня дасягнуў 80 тон.
Ёсць нямала рэзерваў у гэтым плане ў раённым вузле электрасувязі, у аддзеле культуры, у райспажыўтаварыстве. Скажам, просіцца ў Шуміліне інтэрнэт-клуб, трэба смялей прапагандаваць нацыянальныя стравы,  не дайшоў як належыць у аграгарадкі і інтэрнэт.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №18 ад 11.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *