Сацыяльны накірунак
У 2011 годзе больш за 70% бюджэту раёна мяркуецца накіраваць у сацыяльную сферу
Аб’ём бюджэту па даходах і расходах на бягучы год вызначаны ў суме 62075,2 мільёна рублёў (129% да ўзроўню 2010 года).
Уласныя даходы ў разліку на аднаго жыхара раёна плануецца давесці да 892,9 тысячы рублёў.
Амаль 75,8% сродкаў бюджэту раёна плануецца накіраваць у сацыяльную сферу. Самая значная частка будзе накіравана ў сістэму адукацыі. Сёння ў раёне дзейнічаюць 24 агульнаадукацыйныя і 13 дашкольных устаноў, у якіх вучацца і выхоўваюцца звыш трох тысяч дзяцей, працуе ўстанова пазашкольнага выхавання і навучання. З бюджэту раёна на ўтрыманне гэтых устаноў будзе патрачана 23545,6 мільёна рублёў. Да таго ж 1554 мільёны рублёў запланавана на фінансаванне Шумілінскай дзяржаўнай агульнаадукацыйнай гімназіі. У параўнанні з мінулым годам расходы на адукацыю ў раёне вырастуць на 24%.
Нягледзячы на салідную прыбаўку, раёну па-ранейшаму прыйдзецца шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання на рамонт будынкаў, закупку неабходнага спартыўнага інвентару, вучэбна-наглядных дапаможнікаў і іншае. Прадугледжаныя сродкі ў поўнай меры забяспечаць толькі расходы на выплату зарплаты, аплату камунальных паслуг, харчаванне. Фінансаванне іншых расходаў скарачаецца ў параўнанні з мінулым годам на 397 мільёнаў рублёў, а ў адносінах да ўдакладненага плана – на 1488,2 мільёна, што складзе 935,3 мільёна рублёў.
Істотна, на 30%, намечана павялічыць расходы на ахову здароўя. З бюджэту раёна ў гэтую галіну будзе накіравана 12463,7 мільёна рублёў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўтрыманне 16 ФАПаў, трох урачэбных амбулаторый, Мішневіцкай бальніцы сястрынскага догляду, дзвюх участковых бальніц і цэнтральнай раённай бальніцы.
Расходы на культуру, мастацтва і кінематаграфію на 2011 год павялічаны на 27% і складуць 3789,1 мільёна рублёў.
На 10% будуць павялічаны расходы на фізічную культуру і спорт.
У вобласці сацыяльнай палітыкі ў бягучым годзе прадугледжаны расходы на аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі насельніцтву, бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух год жыцця, на гэтыя мэты прадугледжваецца 698,4 мільёна рублёў.
Агульны аб’ём асігнаванняў у бюджэце раёна па жыллёва-камунальнай гаспадарцы на гэты год прадугледжаны ў суме 8094,5 мільёна рублёў, што ніжэй на 23% да ўдакладненага плана 2010 года. У 2011 годзе плануецца кампенсаваць бюджэтнымі субсідыямі 45,4% планавых затрат УП ЖКГ па аказваемых насельніцтву жыллёва-камунальных паслугах. Плацяжы насельніцтва па фіксаваных тарыфах складуць 34,5% затрат, 20,1% затрат пакрые ўласнымі даходнымі крыніцамі УП ЖКГ.
Тым не менш, і пры такіх значных асігнаваннях па жыллёва-камунальнай гаспадарцы яшчэ не дастаткова сродкаў на бягучы і капітальны рамонт жыллёвага фонду, утрыманне вулічна-дарожнай сеткі, бягучае ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання. Па гэтых накірунках рэсурсы і рэзервы трэба вышукваць.
У цэлым жа бюджэт раёна на 2011 год дазволіць забяспечыць выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна.
У сістэме мер, што дазваляюць забяспечыць выкананне бюджэту ў 2011 годзе, вялікае значэнне надаецца актыўнай рабоце ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання і бюджэтных арганізацый па прыцягненні дадатковых непадатковых даходаў і пазабюджэтных крыніц фінансавання, а таксама рэалізацыі канкрэтных мер па скарачэнні дзяржаўных расходаў, жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў і ўмацаванні фінансавай дысцыпліны.
А. СІДАРЭНКА, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама.
Надрукавана ў №18 ад 11.03.2011 г.