В Шумилино прошла благотворительная ёлка

Общество

Чароўная казка і падарункі ад Дзеда Мароза
Новы год, Каляды – гэта самыя чароўныя і радасныя святы. Іхняя магія і чараўніцтва ніколі не знікнуць, бо заўсёды будуць чаканні надзеі на лепшае ў будучым, на здзяйсненне жаданняў і мараў. З асаблівым нецярпеннем чакаюць гэтыя святы дзеці. А задача дарослых зрабіць усё, каб дзіцячае чаканне не было дарэмным. Менавіта таму навагодняя акцыя “Нашы дзеці” атрымала моцную падтрымку ў грамадстве.
29 снежня ў раённым цэнтры культуры для адораных і таленавітых дзяцей, для дзяцей са шматдзетных і маламаёмасных сем’яў з усяго раёна было наладжана святочнае прадстаўленне, арганізаванае раённым выканаўчым камітэтам, аддзелам адукацыі, спорту і турызму, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённым цэнтрам дзяцей і моладзі.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава сказала, звяртаючыся да дзяцей: “Каб у вас была магчымасць вучыцца ў цёплых і светлых класах, займацца карыснымі справамі, раскрываць свае таленты і здольнасці, каб радасна сустрэць Новы год, працуюць усе дарослыя – вашы бацькі, педагогі, людзі ўсіх прафесій на сваіх працоўных месцах. Прыемна адзначыць, што вы адказваеце на такі клопат добрай вучобай, дасягненнямі ў творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, іншых справах”.   Ірына Мікалаеўна павіншавала дзяцей, педагогаў, бацькоў, якія сабраліся ў глядзельнай зале, з Новым годам, пажадала ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту.
А пасля на сцэне разгарнулася дзея цудоўнай казкі. Маленькія гледачы з хваляваннем сачылі за прыгодамі Папялушкі, спачувалі ёй, дапамагалі сустрэцца з Прынцам. А калі, нарэшце, усё скончылася шчасліва, гледачы сталі ўдзельнікамі навагодніх карагодаў ля ёлкі. Час праляцеў імгненна і незаўважна, бо гульні, забаўляльныя конкурсы, музычныя нумары, падарункі ад Дзеда Мароза не давалі нікому сумаваць. Шчасцем і радасцю свяціліся вочы дзяцей, калі яны разыходзіліся пасля ранішніка, а значыць Новы год для іх пачаўся добра. А усім вядома: як яго сустрэнеш, так і правядзеш.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №1 ад 05.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *