В Шумилинской СШ №2 прошёл вечер встречи с краеведом Наумом Гольдштейном

Край шумілінскі Образование

“Гэта было і гэта трэба помніць”
На мінулым тыдні ў СШ № 2 г. п. Шуміліна адбылася творчая сустрэча настаўнікаў і школьнікаў з былым вучнем школы, патрыётам сваёй радзімы, чалавекам, нераўнадушным да гісторыі сваіх продкаў Навумам Залманавічам Гальдштэйнам, складальнікам кнігі “Гэта было” з серыі “Маё мястэчка”.
Навум Залманавіч, які зараз жыве ў Віцебску, невыпадкова выбраў СШ №2: яе вучні даглядаюць помнік, які ўстаноўлены на месцы, дзе ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляны 376 яўрэяў – жыхароў Шуміліна. Сярод іх ёсць і далёкія сваякі Н. З. Гальдштэйна. Мужчына многа гадоў збіраў каштоўныя звесткі пра тых яўрэяў, якія абаранялі радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны, якія адбудоўвалі Шуміліншчыну пасля ваеннага ліхалецця. Як вынік шматгадовай работы, у гэтым годзе пабачыла свет кніга “Гэта было…”, якую складальнік падарыў СШ № 2, Шумілінскаму гісторыка-краязнаўчаму музею і некаторым бібліятэкам раёна.
“З вайны не вярнуліся 11 маіх сваякоў, –  расказаў Навум Залманавіч. – Гэта было і гэта трэба помніць. Чатыры родныя браты маёй маці загінулі. Не вярнуліся дадому і суседзі, знаёмыя маіх родных. Усім ім і прысвячаецца кніга з фотаздымкамі з сямейных архіваў . У першым раздзеле кнігі змешчаны ўспаміны пра маіх сваякоў, другі раздзел прысвечаны землякам-шумілінцам і скла-дзены па ўспамінах  родных і архіўных матэрыялах. Дапаўняюць зборнік тры апавяданні Антона Параскевіна (Віктара Улюценкі) пра пасляваеннае Шуміліна”.
Н. З. Гальдштэйн расказаў пра многіх нашых землякоў. Напрыклад, пра Ганну Маісееўну Сударыкаву, чый бацька быў старшынёй Сіроцінскага сельсавета, а пасля вайны ўзначаліў Шумілінскі хлебзавод. Згадаў сваю настаўніцу Марыю Андрэеўну Мясаедаву і яе мужа-героя, камандзіра роты разведчыкаў Дзмітрыя Васільевіча. Расказаў пра сем’і Пальвінскіх – у час Вялікай Айчыннай вайны 16 мужчын з такім прозвішчам накіраваліся з нашага раёна на фронт. Больш падрабязна Навум Залманавіч спыніўся на нарысе “Галынкіны”, бо гэта прозвішча добра вядома старэйшаму пакаленню шумілінцаў. “Давыд Ісакавіч Галынкін прымаў удзел у абароне Сталінграда, быў паранены, вярнуўся з вайны без нагі, – расказаў Н. З. Гальдштэйн. –  “Не вер, што на вайне не страшна, – казаў Давыд Ісакавіч свайму сыну Міхаілу. – Гэта страшна заўсёды. А храбрасць заключаецца ў тым, што ты павінен пераадолець свой страх і ісці наперад”. Дарэчы, менавіта Давыд Ісакавіч выступіў ініцыятарам усталявання помніку на месцы расстрэлу шумілінскіх яўрэяў. Спачатку на гэтым месцы была пастаўлена звычайная драўляная тумбачка. А ў сярэдзіне 50-х гадоў тут быў устаноўлены помнік, грошы на які збіралі ўсім мірам. А ў гэтым годзе па ініцыятыве і на сродкі грамадскага аб’яднання “Віцебская гарадская яўрэйская абшчына” побач быў устаноўлены памятны знак.
Госць выказаў словы падзякі вучням і настаўнікам СШ №2 за догляд памятнага месца. А дырэктару школы Д. І. Кахтэнка за патрыятычнае выхаванне школьнікаў уручыў падзячны ліст ад Віцебскай гарадской яўрэйскай абшчыны і кнігу А. Шульмана “Унесеныя стагоддзем”.
Пасля мерапрыемства ў школе настаўнікі, вучні і госці наведалі памятны знак, ушанавалі памяць ахвяр вайны. Вучні ўсклалі гірлянду, а Навум Залманавіч паклаў каменьчык  – так прынята ў яўрэеў…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №98 ад 15.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *