“Шчасце трэба ствараць самім”
Як важна з’явіцца на свет у доме, дзе будзеш адчуваць сябе патрэбным, дзе пануюць любоў і разуменне, куды хочацца ісці, дзе кожны куток такі непаўторны і родны. Як важна адчуваць сябе членам адзінай дружнай і шчаслівай сям’і.
Аляксандру і Анастасіі Быкавым за шчасцем далёка хадзіць не прыйшлося: яны нарадзіліся ў адным горадзе, ведалі адзін аднаго з маленства, сябравалі.
– Я чакаў, пакуль Насця падрасце, – прызнаўся Аляксандр. І сапраўды – настойліва чакаў і здзіўляў Насцю сваёй адданасцю. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце ў 7 год, дзяўчына вырашыла звязаць з юнаком сваё жыццё. Як гэта часта бывае, сяброўства перарасло ў сапраўдныя пачуцці. Пасля вяселля маладыя сем гадоў жылі і працавалі ў Лепелі.
Яны прызналіся, што лічаць сваю сям’ю па-сапраўднаму шчаслівай і ганарацца гэтым. Разам з тым сямейная пара ўпэўнена, што “шчасце само па сабе не прыйдзе, яго трэба ствараць самім”.
Два гады таму Быкавы памянялі месца жыхарства – пераехалі ў Шуміліна. Яны купілі прасторную трохпакаёвую кватэру, пра якую ўвесь час марылі. У свой час Аляксандр закончыў будаўнічы тэхнікум і вельмі ганарыцца, што можа самастойна пабудаваць дом. Таму ў кватэры гаспадар сам ўсё давёў да ладу – з густам і па-майстэрску адрамантаваў пакоі, як сапраўдны дызайнер аформіў іх.
Аляксандр лічыць, што ягонае прызначэнне ў жыцці – быць мужчынам. Гэта значыць, браць на свае плечы клопат пра дзяцей і жонку, матэрыяльна забяспечваць іх. Дарэчы, ён індывідуальны прадпрымальнік, аказвае будаўнічыя паслугі па ўсёй Віцебскай вобласці.
Анастасія, спакойная і ўраўнаважаная, па спецыяльнасці повар. Але ж пакуль з’яўляецца дамашняй гаспадыняй, бо толькі нядаўна адправіла дачушку ў дзіцячы сад. А сама ў гэтым годзе завочна паступіла на педагагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У маладой маці ёсць даўняя мара: працаваць з дзецьмі.
У жніўні яны адзначылі 10-цігоддзе сумеснага жыцця. А сёння ў сям’і Аляксандра і Анастасіі Быкавых падрастаюць трое дзетак! Муж і жонка лічаць іх шчаслівым вынікам іх сапраўднага, моцнага, бясконцага кахання.
“Наша шчасце ў дзецях, – усміхаецца Анастасія. – Маючы двух сынкоў, мы вельмі хацелі дачушку. І калі нарадзілася Сафія, мы радаваліся ўсёй сям’ёй. Сыны – гэта добра, але ж дачушка – памочніца і ўцеха маці. Глядзіш на яе і радуешся, сэрца перапаўняе пяшчота. Нават муж заўважыў, што, гуляючы з Сафіяй, у яго з’яўляецца добры настрой і праходзіць дзённая стома”.
– Гэта так, – пацвярджае Аляксандр. – Зразумела, мы з жонкай, як і ўсе сямейныя пары, розныя па характары. А сям’я, дзеці, агульнае імкненне быць шчаслівымі нас аб’ядноўваюць”.
Старэйшаму сыну Кірылу – дзевяць. Ён вучыцца ў музычнай школе – іграе на фартэпіяна, марыць стаць урачом-стаматолагам. Хоча адкрыць уласную стаматалогію, каб дапамагаць людзям. Разам з шасцігадовым Філіпам, любімым заняткам якога з’яўляецца арыгамі, дапамагае бацькам даглядаць малодшую сястрычку – трохгадовую Сафію. Яна расце модніцай. Ружовы колер – любімы колер дзяўчынкі.
– Наша сям’я – самая звычайная, – гавораць Быкавы, – проста нас многа! Выхоўваем сваіх дзяцей у любові і спагадзе, стараемся рабіць так, каб дзеці кожную хвілінку адчувалі, што яны для нас самыя лепшыя, што мы заўсёды зможам ім дапамагчы, падтрымаць. Для таго, каб у сям’і панавалі згода і дабрабыт, трэба шчыра любіць адзін аднаго і паважаць, а ўсё астатняе прыкладзецца!
Насця вырасла ў мнагадзетнай сям’і, у бацькоў іх было чацвёра, так што навуку выхавання дзяўчына добра засвоіла. Яна вельмі ўдзячная сваёй матулі Надзеі Уладзіміраўне, якая выхавала яе, навучыла жыццёвай мудрасці, што не раз спатрэбілася дачцэ ў дарослым жыцці. Рухавая і працавітая, Насця не баіцца цяжкасцяў і выдатна з імі спраўляецца. Клопаты ёй у радасць, бо шчаслівай жанчыне ўсё па сілах.
– У выхадныя мы стараемся больш часу праводзіць разам, размаўляць, нешта рабіць, а гэта ж збліжае. У падарожжа яшчэ не выбраліся, затое мы аматары выехаць на прыроду. Вогнішча, палатка, шашлык, мяч – гэта па-нашаму!
– Сям’я – гэта не толькі муж і дзеці, гэта нашы бацькі, браты, сёстры, пляменнікі, бабулі і дзядулі! Традыцыя збірацца разам “перавандравала” ў нашу сям’ю з бацькоўскай, – канстатуе Насця. – Так склалася, што ўсе дні нараджэнні нашай вялікай дружнай сям’і прыпадаюць на жнівень. Менавіта ў гэтым месяцы мы збіраемся ўсёй раднёй, каб падарыць адзін аднаму падарункі, падзяліцца навінамі. А залівісты дзіцячы смех, гарэзлівасць, жарты, гульні і забавы прыносяць нам радасць і задавальненне!
Дзеці – радасць і гонар Аляксандра і Анастасіі Быкавых, іх надзея, іх самае вялікае шчасце. А мараць бацькі пра тое, каб шчодры бусел прыляцеў да іх у чацвёрты раз – з дачушкай Агатай ….
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 97 ад 11.12.2015 г.
Какие они красивые и счастливые. Радостно, что есть такие семьи.
Какая хорошая и дружная семья.
Почему написАли про них?
А почему – нет? Тут про многих многодетных пишут. хорошая семья – вот и написали.
Хорошая статья про дружную и счастливую семью! Молодцы! Побольше пишите про многодетные и не только семьи!
Хорошая семья, а главное — дружная. С Настей лично знакома — работали вместе, очень приятная девушка!Счастья их семье)