Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся тыдзень таму на тэрыторыі нашага раёна, расказаў
намеснік начальніка РАУС  Юрый Аляксеевіч АРЛОЎ.

Прычэп
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар  Мінска і расказаў, што ў яго ўкралі аўтамабільны прычэп. Як высветлілася, мінчанін купіў на аўкцыёне будынак фермы ля в. Пагіршчына і пакінуў у ёй аўтапрычэп. Вядома, ферма не ахоўвалася і не замыкалася. Урон, нанесены мінчаніну, складае каля сарака мільёнаў рублёў. Па дадзеным крадзяжы ўзбуджана крымінальная справа. Злачынцу, які вышукваецца, пагражаюць грамадскія ці папраўчыя работы, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Мёд
Жыхара Віцебска абрабавалі: з пасекі, што на дачы ў в. Мясаедава, вынеслі 45 рамак з сотамі, у якіх знаходзілася амаль 158 кілаграмаў мёду. Урон, нанесены гаспадару, складае 13,5 мільёна рублёў. Злачынцы вышукваюцца. Як патлумачылі супрацоўнікі РАУС, вышуку перашкаджае тое, што пацярпелы звярнуўся ў міліцыю не па гарачых слядах, а толькі праз два дні пасля крадзяжу.

Сумачка
У жыхаркі Наваполацка, якая прыехала ў госці ў в. Мікалаева, укралі сумачку. Як высветлілі міліцыянеры, у дом, дзе знаходзілася жанчына, зайшоў мясцовы раней судзімы жыхар і прыбраў да рук дамскую сумачку. А там, акрамя касметыкі, знаходзілася дзве тысячы долараў ЗША. Украдзенае часткова знойдзена і вернута гаспадыні. Злодзею пагражае пазбаўленне волі да чатырох гадоў.

Няўдалая спроба
Невядомы злодзей спрабаваў пранікнуць у  дачны дом, гараж, хляўчук і лазню – пра гэта паведаміў у міліцыю жыхар Обалі. Але давесці свае намеры да канца злодзею не ўдалося – замкі на ўваходных дзвярах аказаліся надзейнымі. Па гарачых слядах міліцыянеры ўстанавілі, што пранікнуць у чужы дом спрабаваў раней судзімы мясцовы жыхар. Узбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
На хуткасці

Грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які ехаў на БМВ па аўтадарозе Р-20, перавысіў устаноўленую хуткасць руху на 59 км/гадз. Такое правапарушэнне было здзейснена паўторна на працягу года. Расіяніну пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на паўгода.

Не ўступіў дарогу
Жыхар а.-г. Светласельскі пры павароце налева на перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Сіпко не ўступіў дарогу “Форду”. У выніку аўтамабілі сутыкнуліся. Людзі не пацярпелі, а машынам патрабуецца рамонт. Жыхару Светласельскага пагражае штраф да пяці базавых велічынь.

На трактары
Супрацоўнікі ДАІ прыпынілі на аўтадарозе Р-20 механізатара ААТ “Прыдзвінскі”, які ў кабіне трактара перавозіў пасажыра. Больш таго, прычэп да МТЗ не быў застрахаваны і зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. Адміністрацыйныя пратаколы складзены на механізатара (штраф памерам у 2 базавыя велічыні) і на службовую асобу, якая выпусціла трактар на лінію (штраф 8 БВ).
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 96 ад 08.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *