Вокны і людзі – не мішэнь
У апошні час у Віцебскай вобласці пачасціліся выпадкі выкарыстання пнеўматычнай зброі. Супрацоўнікаў міліцыі непакояць беспрычынная стральба па аўтатранспарце, дарожных знаках, вокнах жылых дамоў і, што самае страшнае – па людзях. Так, нядаўна ў Віцебску пахуліганіў малады чалавек: ён выстраліў з пнеўматычнай зброі ў выпадковага прахожага. У выніку мужчына атрымаў сур’ёзнае раненне, а супраць стралка была ўзбуджана крымінальная справа.
Як паказвае жыццё, пнеўматыка можа быць сур’ёзнай пагрозай здароўю чалавека. Куля пнеўматычнай зброі не толькі здольная прабіць скуру, але і пранікнуць у цела на некалькі сантыметраў, пашкодзіць унутраныя органы. Нават зброя, падобная да пнеўматычнай, з якой страляюць стальнымі шарыкамі, лёгка разбівае зашклёныя вокны транспартных сродкаў і можа параніць чалавека. Вялікую небяспеку пнеўматыка прадстаўляе для дзяцей, бо можа прычыніць сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні.
Аналізуючы злачынствы, звязаныя з выкарыстаннем пнеўматыкі, можна гаварыць, што асноўную масу складаюць хуліганствы і пагрозы забойствам. Напрыклад, у Лёзненскі РАУС з заявай звярнуўся мужчына: ягоны знаёмы беспрычынна выстраліў яму ў твар з пнеўматычнага пісталета. Супраць стралка была ўзбуджана крымінальная справа.
Не ўдалося пазбегнуць адказнасці і жыхару Бешанковіцкага раёна. Малады чалавек некалькі разоў выстраліў у маладую жанчыну, за што апынуўся на лаве падсудных.
Большасць пнеўматычных пісталетаў капіруюць знешні выгляд рэальна існуючых мадэляў баявой зброі. Здараецца, што такім падабенствам карыстаюцца злачынцы. Так, узброіўшыся пнеўматычным пісталетам, двое непрацуючых віцяблян абрабавалі студэнта аднаго з вузаў абласнога цэнтра. Іх здабычай стаў дарагі мабільны тэлефон. Але хутка злачынцы былі затрыманы міліцыянерамі.
Асноўнымі пакупнікамі пнеўматычнай зброі з’яўляюцца маладыя людзі. Любы падлетак, які страляў у віртуальным свеце, хоча патрымаць зброю ў руках. Прычым, іншы раз прадаўцы прапануюць ўзмоцненыя спружыны, падоўжаныя ствалы, пры дапамозе якіх можна павялічыць магутнасць пнеўматыкі. Але за гэта пагражае крымінальная адказнасць (да двух гадоў пазбаўлення волі). За захоўванне і нашэнне пнеўматычнай зброі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. А калі мішэнню становяцца людзі і маёмасць, то пагражае крымінальная адказнасць.
Ігар ШАЦІЛА, першы намеснік начальніка РАУС.
Надрукавана ў № 96 ад 08.12.2015 г.