Экасядзіба года – у Ерашове
Ужо не першы год праводзіцца абласны конкурс “Лепшая аграэкасядзіба Віцебскай вобласці”, арганізатарамі якога выступаюць абласны выканаўчы камітэт, “Белаграпрамбанк” і Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”. Сёлета ў намінацыі “Экасядзіба года” пераможцай стала аграэкасядзіба, якая месціцца ў вёсцы Ерашова Мікалаеўскага сельсавета.
Нядаўна гаспадыню экасядзібы Антаніну Шэдзько з Ерашова запрасілі ў абласны цэнтр, каб ва ўрачыстай абстаноўцы павіншаваць з перамогай і ўручыць падарункі ад спонсараў конкурсу.
Аграэкатурызмам сям’я Шэдзько пачала займацца гадоў дзесяць назад. Ідэя стварыць сядзібу належыць гаспадару Валерыю, які сам займаецца фермерствам. Ён і прапанаваў жонцы заняцца справай.
“У адпачываючых павінны быць усе выгоды, – упэўнена жанчына. – Адной прыродай і сялянскім побытам людзей да сябе не прыцягнеш. Душавая кабінка, інтэрнэт, нарэшце, зручны ванны пакой – гэта мінімум таго, што павінна быць”. Шэдзько пабудавалі гасцявы дом, дзе адначасова можа адпачываць да шасці чалавек.
“Аграэкатурызмам мне цікава займацца, – прызнаецца Антаніна Шэдзько. – Праўда, неабходна пастаянна развівацца – толькі так можна прыцягнуць новых адпачываючых. Зараз пачалі будаўніцтва другога гасцявога доміка, у якім змогуць адпачыць да дзесяці чалавек. У бліжэйшых планах і будаўніцтва новай лазні.”
Чым жа прываблівае адпачынак у Ерашове? Найперш, прыродай – сядзіба месціцца на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Па-другое, камфортам, утульнасцю. Даспадобы гасцям і ветлівасць гаспадыні, якая частуе экалагічна чыстай садавіной і гароднінай. Дарэчы, за лета ў аграэкадзібе адпачыла каля дваццаці чалавек.
“На Шуміліншчыне аграэкатурызм паступова развіваецца, сем аграэкасядзіб чакаюць адпачываючых, – падсумоўвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў. – Шчыра віншую Антаніну Шэдзько з перамогай у конкурсе. Думаецца, што гэта перамога падштурхне і іншых развіваць і ўдасканальваць аграэкатурызм у раёне”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 95 ад 04.12.2015 г.
замечательная хозяйка, отличная усадьба, меню супер!!!! одно из лучших мест в нашей стране!!!!!!!!!