Сярод тых нешматлікіх сіроцінскіх гаспадынь, якія і сёння трымаюць карову – Наталля Паўлаўна Міронава. Тры разы на дзень яна бярэ вядро і накіроўваецца ў хляўчук – даіць сваю Зорку. І так вось ужо на працягу больш як дваццаці гадоў.
Наталля Паўлаўна расказала, што калі пажаніліся з мужам Уладзімірам (ён працуе механізатарам у КУСГП “Сіроцінскі”), свякроў хацела падарыць маладым карову. Але сумнявалася, ці справяцца. Наталля смела заявіла: “Мы не супраць такога падарунка. Мы ж вясковыя – справімся”.
Наталля Міронава і сёння ўпэўненая ў сваіх сілах. Кажа, што вельмі прывыкла да каровы, і не ўяўляе без яе падворак уласнага дома. Больш таго, у Міронавых ёсць яшчэ і пакрытая цёлка, якую таксама мяркуюць пакінуць для сябе. Рохкае ў хлеўчуку гадавалае парася, ёсць сорак курэй.
З усёй гэтай гаспадаркай Міронавы ўпраўляюцца сям’ёй. Бацькам дапамагаюць дарослыя сын і дачка. Сваімі сіламі косяць і сушаць сена, саджаюць агарод, вырошчваюць бульбу і кармавыя буракі.
“Вядома, з гаспадаркай часам бывае і вельмі нялёгка, – кажа Наталля Паўлаўна. – Але карову ніколі не думалі прадаваць: усе дамашнія любяць малочныя прадукты, якія не параўнаеш з магазіннымі. А сто кілаграмаў свініны – менавіта столькі важыць гадавалы парсюк – нібыта падарунак да навагодніх святаў для ўсёй нашай сям’і”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 94 ад 01.12.2015 г.