Незаконна прадалі 14 дамоў
Камітэтам дзяржкантролю ўстаноўлены факты безгаспадарчасці пры продажы жылых памяшканняў, пабудаваных з прыцягненнем сродкаў дзяржпадтрымкі.
Так, сёлета ў час праверкі ААТ “Гарадоцкі райаграпрамзабеспячэнне” ўстаноўлена, што дадзенай сельгасарганізацыяй у 2013-2014 гг. прададзена 14 жылых памяшканняў, пабудаваных з прыцягненнем льготных крэдытаў банка, пражываючым у іх грамадзянам, без прыняцця рашэнняў аб іх продажы агульным сходам акцыянераў і без пацвярджэння іх кошту назіральным саветам.
Больш таго, у парушэнне патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №253 кошт гэтых жылых памяшканняў быў вызначаны не па іх рыначным кошце (у сувязі з тым, што ён ніжэй за ацэначны), а зыходзячы з кошту выдаткаў на будаўніцтва, чым учынена шкода маёмасці гаспадарчага таварыства ў памеры страчаных (недаатрыманых) грашовых сродкаў у агульнай суме 1,3 млрд руб.
Пры гэтым для надання выгляду законнасці такім здзелкам работнікі прадпрыемства (між іншым, былы дырэктар, галоўны інжынер, галоўны бухгалтар і г. д.) афармлялі фіктыўныя дакументы аб прыняцці агульным сходам акцыянераў рашэння пра продаж жылых памяшканняў і пра вызначэнне іх кошту.
Акрамя таго, нягледзячы на складанае фінансавае становішча таварыства і мільярдныя выдаткі, кіраўніцтвам Гарадоцкага райаграпрамзабеспячэння ў парушэнне патрабаванняў заканадаўства не прымаліся меры па спагнанні чарговых плацяжоў з грамадзян, якім былі прададзены жылыя памяшканні ў растэрміноўку, і па пагашэнні рэшты запазычанасці звольненымі работнікамі, а таксама па спагнанні працэнтаў за час пратэрміноўкі ў выплаце ўказаных сродкаў.
Нямалаважным з’яўляецца той факт, што раней, у канцы 2014 года, Камітэт вобласці інфармаваў Гарадоцкі райвыканкам пра выяўленыя факты парушэння вызначэння кошту двух жылых памяшканняў з прапановай прыняць меры і ўхіліць недахопы.
Матэрыялы праверкі перададзены для дачы прававой ацэнкі ў праваахоўныя органы. Зараз па матэрыялах праверкі Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа ў адносінах да былых дырэктара і галоўнага бухгалтара ААТ “Гарадоцкі райаграпрамзабеспячэнне”. За выяўленыя ў ходзе праверкі парушэнні прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці дырэктар прадпрыемства (штраф у памеры 0,9 млн. руб.) і само прадпрыемства-юрыдычная асоба (37,8 млн. руб.), разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці іншых вінаватых асоб.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 27.11.2015 г.