Возродить дом деда для своих внуков решил Владимир Дробышев

Сельское хозяйство Семья

У планах – пабудаваць прасторную веранду
Згадзіцеся, нямнога цяпер знойдзецца людзей, якія імкнуцца перабрацца з горада ў вёску,  адрадзіць дзедаву сядзібу. Вельмі прыемна, што ёсць такія людзі і ў нашым раёне. Напісаць пра Уладзіміра Дробышава з вёскі Непароты парэкамендавала старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава. “Калі назіраеш, з якім натхненнем  і любоўю гэты чалавек працуе на зямлі, калі бачыш, колькі патоў пралівае, калі носіць ці стругае бярвенні, нават зайздрасць бярэ: колькі ў яго жадання працаваць, зрабіць закінутую сялянскую сядзібу прыгожай”, – кажа Ірына Іванаўна пра У. А. Дробышава.
Мужчыну засталі за работай. Ён для гэтага і прыязджае ў Непароты. Па спецыяльнасці інжынер-будаўнік, Уладзімір Дробышаў не прывык працаваць абы з рук вон. Ён будуе дасканала, як кажуць, на стагоддзі. Гаспадар пахваліўся прыгожай лазняй, якую будаваў амаль тры гады: тут і асобная парылка, і прасторны прылазнік, і летняя веранда. А гэтым летам Уладзімір прыступіў да будаўніцтва агароджы.
“Гэта дом маіх дзядулі і бабулі, і ён мне асабліва дарагі, бо тут у дзяцінстве праводзіў кожнае лета, прыязджаў і на зімовых канікулах, – кажа Уладзімір. – Мая жонка таксама адсюль: калісьці яе бацькі ў Непаротах купілі дом майго прадзеда. Так што вёска нам абодвум дарагая. І рашэнне адрадзіць сялібу майго дзеда мы прымалі разам. Тым больш, што нашы дзеці – сын і дачка – таксама любяць прыязджаць у вёску. Мая маці, Вольга Фартунатаўна, падтрымала такое рашэнне. Яна летам бавіць час у вёсцы, саджае тут градкі”.
Уладзімір Дробышаў высек ля дзедавай хаты кустоўе, спілаваў на агародзе старыя дрэвы – узамен будуць пасаджаны маладзенькія яблыні і грушы. Узяўся і за рэканструкцыю хаты. “Пакуль ставім апалубку, каб умацаваць фундамент, –  расказаў мужчына. – У наступным годзе трэба памяняць дах, зрабіць прыгожы фасад. У далейшых планах – прыбудаваць да хаты прасторную веранду”. Дробышавы мяркуюць: пакуль што дом у Непаротах будзе служыць дачай. А ў сталыя гады, магчыма, перабяруцца сюды і назаўсёды. Будуць чакаць у госці дзяцей, частаваць унукаў яблыкамі і грушамі з уласнага сада.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 92 ад 24.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *