Семейное счастье в одиночку не постороишь — считают Людмила и Михаил Ивановы

Людзі і лёсы Семья

Калі стараюцца абодва – будзе дабрабыт
Яна –  стрыманая і сціплая, ён – вясёлы і задорны, гаварун і жартаўнік. І ім добра разам, яны жывуць у гармоніі і шчасці вось ужо больш за сорак гадоў. Гаворка пра Людмілу Рыгораўну і Міхаіла Ільіча Івановых з вёскі Непароты.
Івановы расказалі, што не спраўлялі рубінавае вяселле (сорак год сумеснага жыцця). Прытрымліваюцца думкі: адно вяселле было ў маладосці – і дастаткова. Гэта на ўсё жыццё. На ўсё жыццё і адна жонка – гэтак, яшчэ будучы маладым, вырашыў для сябе Міхаіл Ільіч. А сустрэў сваю будучую жонку … на дарозе. Яна тады працавала аграномам на льнозаводзе і ў той дзень ішла пешшу ў Шуміліна. Неспадзявана прыпыніўся матацыкл, і хлопец ветліва прапанаваў падвезці. Пазнаёміліся, Міхаіл пацікавіўся, дзе Людміла здымае пакой. А праз некалькі дзён прыехаў да таго дома і адшукаў дзяўчыну. Не мог не адшукаць, бо пасля першай сустрэчы думаў пра яе, яе прыгожыя вочы і ямачкі на шчочках не выходзілі з галавы.
Праз некаторы час маладая пара ажанілася. “А як жа было не ісці за мяне замуж, я ж быў багаты жаніх, – жартуе Міхаіл Ільіч. –  Працаваў тады ў калгасе “Праўда” механікам па працаёмкіх работах і, будучы халасцяком, будаваў уласны дом. Мне ж важна было адчуваць сябе гаспадаром і сапраўдным мужчынам, які прывядзе жонку ва ўласны новы дом. Так яно і здарылася”.
У гэтым доме на беразе возера Івановы і жывуць вось ужо больш за сорак гадоў. Вядома, іх жыццё не было ўсеянае ружамі, але яны заўсёды маглі знайсці той “ключык” адзін да аднаго, якім адмыкаюцца самыя лепшыя рысы і самыя цёплыя пачуцці чалавека. Людміла Рыгораўна адпрацавала ўсё жыццё на льнозаводзе, а Міхаіл Ільіч – у калгасе. У свой час ён ўзначаліў свінагадоўчы  комплекс на чатыры тысячы галоў, што быў у Непаротах. Прызнаецца, што быў строгім начальнікам, што не цярпеў гультайства. Таму падбіраў сабе надзейную каманду працаўнікоў. Напэўна, менавіта пагэтаму і прывагі былі важкія.  “Кожныя пяць дзён мы адпраўлялі на мясакамбінат па шэсць тон свініны, – згадвае мужчына. – Яе сабекошт тады быў 87 капеек, а прадавалі свініну па 2 рублі за кілаграм. Калгас меў нядрэнны прыбытак і быў на той час у перадавіках”.
Паступова маладая сям’я зажывалася. Міхаіл Ільіч памятае свае першыя зарплаты ў 60-я гады: 20 рублёў за 30 працаднёў. Гэта было вельмі мала, калі ўлічыць, што канапа і сервант каштавалі па 140 рублёў. Але паступова ў начальніка комплексу заплата вырасла да сотні. Вось тады маладая сям’я дазволіла сабе назбіраць на мэблю, потым пачалі адкладваць грошы на тэлевізар “Гарызонт”, які купілі за 500 рублёў – гэта было сапраўднае свята для ўсёй сям’і.
Усё жыццё Івановы трымалі вялікую дамашнюю гаспадарку. І зараз на падворку ёсць конь, парася, куры. Касіць і сушыць сена прыязджаюць сын і дачка, трое ўнукаў. Сваіх дзяцей Івановы выхавалі ў працы, на ўласным прыкладзе. Калі бацька ішоў касіць, то сын – следам. Калі маці мыла бялізну – абавязкова ішла дапамагаць дачка.
Калі мы запыталіся ў Міхаіла Ільіча, што значыць для яго быць шчаслівым, ён не задумваючыся адказаў: “Шчасце – гэта добрая жонка. І я вельмі задаволены, што яно ў мяне ёсць”.  Коратка, дасціпна і зразумела. Менавіта ад жаночай мудрасці, спагады і гаспадарлівасці залежыць лад і спакой у сям’і, лічыць М. І. Іваноў. Ну, а мужчынская справа – дапамагаць, падтрымліваць, выконваць жончыны просьбы. Ну, і самому трэба быць “з рукамі і вачамі”, праяўляць ініцыятыву ў розных дамашніх работах. Калі стараюцца абодва – тады дабрабыт у сям’і, лічаць Івановы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 92 ад 24.11.2015 г.



1 комментарий по теме “Семейное счастье в одиночку не постороишь — считают Людмила и Михаил Ивановы

  1. Неужели фото нельзя было более подходящее сделать?? Просто кошмар, а не фотография((((

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *