ЖКХ: про долги и обращения населения

Актуалии Общество Экономика

Пра даўгі і звароты насельніцтва
Напэўна, ніводная галіна не мае такога дачынення да паўсядзённага жыцця людзей, як жыллёва-камунальная гаспадарка. Яна адна з самых складаных і разнастайных па колькасці паслуг і напрамкаў вытворчай дзейнасці. Камфортнае жыллё і вада, цяпло і святло – да гэтых даброт хутка прызвычайваюцца, і калі з’яўляюцца збоі, адразу кожны заўважае. Работа ЖКГ часта выклікае шматлікія нараканні з боку насельніцтва.
Шумілінская жыллёва-камунальная гаспадарка – адна з буйнейшых у Віцебскай вобласці сярод сельскіх раёнаў. На абслугоўванні УП ЖКГ знаходзіцца 8350 асабовых рахункаў. Але ў параўнанні з іншымі раёнамі колькасць пісьмовых зваротаў даволі невялікая (12,3 звароты на 100 асабовых рахункаў пры сярэднім абласным паказчыку – 40 зваротаў на 100 рахункаў). За мінулы год прадпрыемству ўдалося зменшыць колькасць зваротаў больш чым удвая (з 304 у 2009 годзе да 138 у 2010 годзе).
“У паўсядзённай рабоце імкнёмся працаваць на апераджэнне скаргаў.  Мы самі ведаем праблемныя пытанні і вырашаем іх у планавым парадку. У мінулым годзе дзякуючы пераразмеркаванню сродкаў на бягучы рамонт выдаткавалі 1 мільярд рублёў. Гэта дазволіла зняць многія пытанні і праблемы”, — расказаў дырэктар УП ЖКГ В. А. Коўзан.
Але зусім пазбегнуць зваротаў грамадзян немагчыма. За мінулы год па камунальных пытаннях было 183 звароты, з іх непасрэдна на прадпрыемства — 138, у вышэйшыя арганізацыі — 45. Задаволены 122 звароты грамадзян, па 46 дадзены тлумачэнні,  у 3 выпадках адмоўлена.
Большасць зваротаў (90) тычыцца праблем эксплуатацыі і рамонту жыллёвага фонду: 26 – па рамонту дахаў і стыкаў сценавых панэляў, 20 – па водазабеспячэнні, 18 – па ўтрыманні і рамонце дапаможных памяшканняў, 16 – па ацяпленні, 17 – па пытаннях аплаты паслуг.
“Наогул, нам удалося значна зменшыць колькасць пісьмовых зваротаў. Часта да нас накіроўваюць пытанні, якія непасрэдна да нас не адносяцца: расчыстка дарог і вуліц, якія знаходзяцца на балансе дарожнікаў ці сельвыканкамаў, ведамаснае жыллё, ці новае жыллё, якое знаходзіцца на гарантыйным абслугоўвані будаўнікоў. Але калі дазваляюць магчымасці і сродкі, вырашаем і такія пытанні”, — патлумачыў Валерый Антонавіч.
У ліку вострых праблемных пытанняў — водазабеспячэнне жыхароў раёна якаснай пітной вадой. Пэўныя зрухі ёсць. Так у мінулым годзе ўдалося вырашыць пытанне з вадой у Обалі. Устаноўку па абезжалезванню вады ўдалося паставіць у Мікіцісе, калі там  вялося ўладкаванне аграгарадка. Але ачыстка вады ад жалеза патрабуецца практычна паўсюдна. Па праграме “Чыстая вада” на працягу пяцігодкі будзе весціся абнаўленне свідравін у аграгарадках. Распрацавана праекта-каштарысная дакументацыя па будаўніцтву станцый абезжалезвання ў аграгарадку Башні. У 2012 годзе мяркуецца пабудаваць такую станцыю ў Крывым Сяле. Далей на чарзе Мішневічы.
Наогул, зношанасць інжынерных сетак патрабуе для рэканструкцыі значных выдаткаў. Ёсць буйныя аб’екты. Такія пытанні без планавага фінансавання не вырашыць. Прадпрыемству толькі на першы квартал бягучага года неабходна 8,9 мільярда рублёў на бягучыя расходы, каб аказваць неабходны па сацыяльных стандартах аб’ём паслуг.
Калі весці размову пра грошы, трэба адзначыць, што востра стаіць пытанне запазычанасці за прадстаўленыя паслугі. Па даных на 1 студзеня бягучага года УП ЖКГ Шумілінскага раёна мае самую вялікую ў вобласці дэбіторскую запазычанасць. Ім вінаватыя 3,4 мільярда рублёў. “Галоўныя даўжнікі – сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія не разлічваюцца за ваду. З насельніцтвам сітуацыя паступова наладжваецца, і за мінулы год запазычанасць зменшылася з 292,3 мільёна да 185,2 мільёна рублёў. Тым не менш, гэта трэцяе месца ў вобласці”, — патлумачыў В. А. Коўзан.
Даўгі цягнуць за сабой  і такую праблему — дзе браць грошы на развіццё, калі нават за выкананыя паслугі не разлічваюцца. Калі б даўгі пагасілі, з’явілася магчымасць вырашыць многія праблемныя пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №16 ад 1.03.2011 г.