Пра кармы, надоі і прывагі
На мінулым тыдні ў КУСГП “Сіроцінскі” адбылася раённая нарада па жывёлагадоўлі, на якую былі запрошаны спецыялісты райсельгасхарчу, райплемстанцыі і райветстанцыі, кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветурачы сельгаспрадпрыемстваў. У рабоце нарады актыўны ўдзел браў старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
Важнае пытанне, якое разглядалася на нарадзе, – павышэнне надояў. Яно злабадзённае для многіх гаспадарак, бо далёка нямногія могуць пахваліцца малочнымі рэкамі. Пра тэхналогію вытворчасці малака расказаў у сваім дакладзе першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. М. Пытко. Аляксей Мікалаевіч адзначыў, што ад высокаўдойных кароў за лактацыю рэальна атрымаць да сямі тысяч кілаграмаў малака. Для гэтага трэба мець надзейную і якасную кармавую базу, граматна падыходзіць да вырошчвання цялят, да догляду кароў. Высокапрадукцыйныя каровы павінны вяртаць з малаком не менш за 36% энергіі, ужытай з кормам. Зразумела, тут маецца на ўвазе не проста павелічэнне колькасці кармоў, а кармоў самай лепшай якасці.
А такія ёсць далёка не ўсюды, заўважыў У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч крытыкаваў многія гаспадаркі раёна, у якіх летам былі перабоі з трамбоўкай зялёнай масы, якія спазніліся з касавіцай – вось тыя прычыны, чаму сёння няма збалансаваных кармоў, чаму ў сіласнай траншэі прысутнічае воцатная кіслата, якая зусім не на карысць жывёле. Адным з асноўных фактараў кармлення, які вызначае малочную прадукцыйнасць, быў і застаецца ўзровень энергетычнага харчавання жывёлы, падкрэсліў кіраўнік раёна. Спецыялісты райсельгасхарчу расказалі пра камбікорм, якім кормяць кароў у перадавых гаспадарках Беларусі. Састаў камбікорму: кукуруза, пшаніца, ячмень, авёс, шрот, кармавыя дрожджы, прэмікс у патрэбных прапорцыях – дазваляе зрабіць яго ў кожнай гаспадарцы. І калі купіць такі збалансаваны камбікорм ці зрабіць яго самім і даваць жывёле, то надоі, бясспрэчна, павысяцца. Толькі выдаваць камбікорм трэба не паўтара кілаграма на карову, як робяць у некаторых гаспадарках, а па кілаграму на кожную галаву плюс па трыста грамаў на кожны літр малака – вось тады будуць зрухі да лепшага, падкрэсліў У. П. Куранны.
Пра нізкую тэхналагічную дысцыпліну па кармленні і ўтрыманні жывёлы гаварыў у сваім выступленні дырэктар райветстанцыі І. У. Галуза. Аб праблемах асемянення кароў расказала галоўны спецыяліст райплемстанцыі Л. Г. Пахоменка.
Пасля тэарэтычнай часткі ўдзельнікі нарады наведалі некаторыя фермы ў “Сіроцінскім” і “Лаўжанскім”. Было адзначана, што ля фермы Слабада крыху навялі парадак: вывезлі часткова арганіку, высеклі кустоўе ля сянажнай траншэі. Але забыліся, відаць, пра рэшткі будаўнічага матэрыялу. Больш таго, ферма не агароджана, тут даўно просіцца рамонт праездаў і пляцовак. На ферме Сіроціна ўдзельнікі нарады вучыліся, як правільна выпойваць цяля ў першую гадзіну пасля нараджэння. Затым усіх запрасілі наведаць новую даільную залу, арачнікі для ўтрымання сухастойных кароў. Напэўна, усім спадабаліся добрыя пад’язныя шляхі да фермы, выгульныя пляцоўкі, рэканструяваны кароўнік, новыя сянажныя траншэі. Рэканструкцыю на гэтай ферме ”Сіроцінскі” зрабіў сваімі сіламі. Работы ішлі не так хутка, як хацелася б, але ж калі б наймалі падрадчыкаў, рэканструкцыя абышлася б у пяць разоў даражэй, падлічылі спецыялісты гаспадаркі. Яны раілі іншым кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў лічыць свае грошы і весці рэканструкцыю фермаў толькі гаспадарчым спосабам.
З лепшага боку была паказала і невялікая ферма Латкова, што ў “Лаўжанскім”. Тут няма даільных залаў, але ж у кароўніку парадак, жывёла дагледжана і накормлена.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 91 ад 20.11.2015 г.