З нараджэннем, Дзіця міру!
Штогод 21 верасня па рашэнні Генеральнай Асамблеі ААН адзначаецца Міжнародны дзень міру.
Прынята ўсіх дзяцей, якія нарадзіліся ў гэты дзень, надзяляць правам насіць Ганаровае званне – Дзіця міру.
На Шуміліншчыне 21 верасня на свет з’явіліся двое немаўлят, два вялікія шчасці: Сяргей Баранаў (аграгарадок Слабада) і Дар’я Манух (аграгарадок Светласельскі). Нядаўна ў госці да іх завітала старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Людміла Шаўцова з віншаваннямі і падарункамі. Яна павіншавала бацькоў малышоў з такой важнай і радаснай падзеяй у іх жыцці, выказала спадзяванне, што яны выхаваюць сваіх дзетак сумленнымі, годнымі людзьмі, якія любяць сваю радзіму.
Дзеці проста абавязаны быць шчаслівымі, а тое, што Сярожа і Дашачка ўжо самім фактам свайго нараджэння заслужылі такі ганаровы тытул, можа сведчыць толькі пра адно – поспех будзе іх самым надзейным спадарожнікам у жыцці.
Няхай жа яны растуць здаровымі, радаснымі, прыгожымі і разумнымі! Няхай шчасце, якімі свецяцца вочы маладых матуль Яніны Баранавай і Веранікі Манух, дасць гэтым дзеткам найвялікшую сілу, якая дапаможа ім успрымаць жыццё як самы каштоўны падарунак, лёгка спраўляцца з любымі цяжкасцямі.
З нараджэннем, Дзеці міру!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 17.11.2015 г.