Нарыхтоўка дроў: схемы, якія працуюць
На двары лістапад, а гэта значыць, што вось-вось прыйдуць сапраўдныя халады, як-ніяк зіма на падыходзе. Сёлета спакойная сітуацыя з набыццём паліва, у прыватнасці, дроў. На сённяшні дзень у райпаліўзбыце – асноўным пастаўшчыку паліва па субсідзіраванай цане – наогул няма чаргі.
Заяўкі выкананы і ўсе жадаючыя назапасілі дроў, каб у хатах зімой было цёпла і ўтульна. Зменшылі градус напружанасці, які не-не, ды і здараўся раней, прыватнікі, якія вельмі актывізаваліся і гатовы выканаць просьбу па забеспячэнні дрывамі з любой кропкі раёна. Дроў у нашых лясах хапае – тут толькі грошы выкладвай. Спрыяе яшчэ і тое, што ў нас працягваецца газіфікацыя жылога прыватнага сектара: у людзей з прыходам у іх дамы “блакітнага паліва” аўтаматычна знікае галаўны боль пра нарыхтоўку дроў.
Як жа зараз набыць дровы? Дзейнічае некалькі схем, і кожная працуе, а гэта галоўнае для спажыўца. Рэалізоўваюць зараз дровы райпаліўзбыт, лясгас (лясніцтвы) і прыватнікі. І тут чалавек-спажывец выбірае самы падыходзячы для яго варыянт. Мы ж больш падрабязна пагаворым пра дровы па фіксаванай цане. Размова ідзе пра 4,9 куба дроў па цане 323400 рублёў, якія можна выпісаць на кожнае домаўладанне адзін раз у год і факт заказу і дастаўкі якіх пры дастаўцы адзначаецца ў паліўнай кніжцы.
Асноўная ж схема такая: гаспадар (няважна адкуль: з Шуміліна ці любой вёскі раёна) тэлефануе ў райпаліўзбыт і дае заяўку. У райпаліўзбыце ўдакладняюць, дзе пражывае заяўнік. Калі ў райцэнтры і бліжэйшых да яго вёсках, яму прапануюць два варыянты: прыехаць на сваім транспарце і забраць з тэрыторыі паліўзбыту дровы ці заказаць дровы на транспарце райпаліўзбыту. Канешне, самыя танныя дровы будуць у першым варыянце: 4,9 куба з распілоўкай і пагрузкай абыдуцца ў 804100 рублёў. Калі дровы да адрасата павязуць на транспарце паліўзбыту, кошт будзе крыху вышэйшым: вядома, з-за “дарожных расходаў” – у сярэднім каля 900 тысяч па Шуміліне. Для льготнай катэгорыі насельніцтва дровы (заўважце дровы, а не паслугі) абыдуцца на 50% танней. Такі закон.
З вясковымі заказамі (пераважна з аддаленых вёсак) работнікі райпаліўзбыту працуюць інакш. Шукаюць самае блізкае да заяўніка лясніцтва, тэлефануюць туды ў бухгалтэрыю (з кожным лясніцтвам райпаліўзбыт заключыў дагаворы) і пакідаюць заяўку. Дровы прывозіць, адпаведна, лясніцтва. Што гэта дае? Крыху эканоміі на транспартных расходах. У прыватнасці, жыхарам Казьяншчыны, Обальшчыны і Мікалаева такая схема дастаўкі дроў будзе больш выгадная, чым, скажам, дастаўка з райцэнтра. Хаця і тут ёсць свае плюсы і мінусы. Бо, напрыклад, паліўзбыт дастаўляе пераважна дровы цуркамі (а па жаданні і нават колатымі), некаторым вяскоўцам такі варыянт больш падыходзіць, чым 2-мятровыя дровы ад лясніцтва, якія потым невядома як і за якія грошы “прыводзіць у парадак”.
Ёсць і яшчэ адна нязручнасць, калі можна так назваць: аплачваць за дровы і дастаўку заказчыку давядзецца на два рахункі: у райпаліўзбыт і лясніцтва.
Займаюцца нарыхтоўкай і дастаўкай дроў і непасрэдна лясніцтвы, але, праўда, не па фіксаваным кошце. Так, яны прапануюць сяльчанам 7 кубоў 2-х мятровых дроў прыкладна за 900-950 тысяч рублёў. Сюды ўжо ўваходзяць паслугі па загрузцы-разгрузцы і дарожныя расходы.
Такім чынам, засталося даць чытачам газеты, якія не паспелі назапасіць дроў, а толькі збіраюцца гэта зрабіць, нумары тэлефонаў райпаліўзбыту для ўсіх дадатковых даведак і ўдакладненняў: 4-10-93, 2173139.
У схемах дастаўкі дроў разбіралася
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 88 ад 10.11.2015 г.