Як арганізавана харчаванне школьнікаў?
У нашым раёне шмат робіцца па ўмацаванні і паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі з улікам патрабаванняў санітарнага заканадаўства: рэгулярна набываецца і замяняецца школьная мэбля, абсталяванне для харчаблокаў, абнаўляецца кухонны посуд. Вялікая ўвага надаецца арганізацыі рацыянальнага, якаснага і, галоўнае, бяспечнага харчавання дзяцей. Тым не менш, па некаторых пытаннях праблемы застаюцца. Кантроль за тым, як выконваецца заканадаўства ў вобласці санітарнай эпідэміялогіі ва ўстановах адукацыі, упаўнаважаны ажыццяўляць цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Маніторынг і аналіз праверак школьных сталовых, праведзеных спецыялістамі РЦГЭ, і сталі тэмай абмеркавання на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
З дакладам “Аб выкананні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у вобласці санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва ў часці захавання здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі ў Шумілінскім раёне ў 2015 годзе” выступіла в. а. галоўнага санітарнага ўрача раёна А. В. Трыгубава. Перш чым перайсці непасрэдна да абмеркавання праблем у арганізацыі харчавання школьнікаў, выяўленых падчас нагляднай дзейнасці, Анастасія Валер’еўна спынілася на стане здароўя дзіцячага насельніцтва Шумілінскага раёна.
Па выніках прафілактычных аглядаў за апошнія пяць год назіраецца станоўчая дынаміка ў павелічэнні долі дзяцей дашкольнага ўзросту (з 17,9% да 44,7%) і школьнікаў (з 18% да 39,2%) з 1 групай здароўя. Гэта радуе. У той жа час не вельмі спрыяльная карціна ў групе здароўя юнакоў (15-17 год): зніжаецца доля юнакоў з 1 групай здароўя (з 57,6% да 50%).
Пры ацэнцы ў школьнікаў вастрыні зроку за апошнія пяць год ўстаноўлена, што ва ўзроставых групах 6 год і 15-17 год адбываецца павелічэнне колькасці тых, у каго праблемы са зрокам. Калі ў 2010 годзе сярод шасцігодак такіх было 3,2%, то ў 2014 годзе – ужо 8,8%. Па заканчэнні школы вучняў са зніжанай вастрынёй зроку ўжо 13%.
Ёсць праблемы з захворваемасцю на скаліёз і парушэнні асанкі. Калі дзеці ў школу (шасцігодкі) прыходзяць у асноўным здаровыя (пры медыцынскім аглядзе выяўляюцца адзінкавыя выпадкі), то па заканчэнні вучобы (15-17 год) парушэнні асанкі і скаліёз сустракаецца прыкладна ў 4% дзяцей.
Пазнаёміла дакладчык і з асноўнымі захворваннямі сярод дзяцей і падлеткаў. На першым месцы – хваробы органаў дыхання.
Пасля перайшлі да абмеркавання арганізацыі харчавання школьнікаў, выканання ўстановамі адукацыі санітарна-гігіенічных патрабаванняў па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей.
Так, па словах А. В. Трыгубавай, Шумілінскі РЦГЭ ажыццяўляе нагляд за 13 дашкольнымі ўстановамі, 8 школамі і 9 агульнаадукацыйнымі комплексамі школа-сад (усяго 30 суб’ектаў). Сёлета праведзена 41 праверка, падчас кожнай выяўляліся парушэнні. Сярод распаўсюджаных – няпоўная ці неадпаведная забяспечанасць школьнай мэбляй, парушэнні арганізацыі вучэбнага працэсу (парушэнні ў складанні раскладу, працягласці перапынкаў, рассаджванні вучняў), недастатковая асветленасць вучэбных памяшканняў.
Аднак самая вялікая колькасць недахопаў – 41 – выяўлена ў арганізацыі школьнага харчавання. Анастасія Валер’еўна адзначыла, што ў некаторых навучальных установах адсутнічае праточная гарачая вада ў вытворчых памяшканнях харчаблоку (ці мае сезонны характар), адсутнічаюць умовы для мыцця сырой прадукцыі, падводка гарачай вады да ракавін для мыцця рук персаналу і ў абедзеных залах, пэўныя ўстановы маюць патрэбу ў замене халадзільнага абсталявання.
Выяўляліся парушэнні, як кажуць, і бягучага характару, іх наяўнасць сведчыць пра зніжаны кантроль з боку адміністрацыі альбо адказных асоб. У якасці прыкладаў такіх парушэнняў можна назваць наяўнасць посуду з трэшчынамі, сколамі, няякасную ўборку, адсутнасць вадкага мыла ў дазатарах і інш.
Па выніках праверак у адрас суб’ектаў накіравана 41 прадпісанне, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 13 службовых асоб.
У той жа час адзначыла дакладчык і многія станоўчыя моманты ў арганізацыі харчавання школьнікаў і выкананні санітарных нормаў. Тут не павінна скласціся ўражанне, што ў нашых навучальных установах так многа праблем. Многае, паўторымся, зроблена і робіцца. Проста гэтыя факты сведчаць пра пільны і сур’ёзны кантроль з боку ўпаўнаважаных органаў, бо калі размова ідзе пра харчаванне, а тым больш пра харчаванне дзяцей, тут не павінна быць фармалізму, абыякавасці і ігнаравання патрабаванняў заканадаўства. На першым плане ў арганізацыі харчавання школьнікаў павінны стаяць якасць і бяспека.
На пасяджэнні прэзідыума былі абмеркаваны пытанні непасрэдна гатавання ежы і школьнага меню: чаму, скажам, не прапануецца складаны гарнір, ці прадугледжваецца ў сталовых дыетычная ежа, ці працуюць педагогі і зацікаўленыя асобы над рэкламай здаровага і правільнага харчавання.
У прынятай пастанове прэзідыума раённага Савета дэпутатаў акрэслены асноўныя задачы, якія ў вызначаныя тэрміны павінны вырашыць адказныя і зацікаўленыя суб’екты, у прыватнасці, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райспажыўтаварыства. Усё павінна быць накіравана на тое, каб забяспечыць ахову здароўя і выкананне санітарна-гігіенічнага рэжыму ва ўстановах адукацыі па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.