На кантролі – якасць насення
З восені ў сельгаспрадпрыемствах раёна пачалі рыхтавацца да будучай вясенняй сяўбы. Пад яе патрэбы засыпана 2170 тон насення зерневых і зернебабовых культур – гэтага хопіць на 7200 гектараў, расказаў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў.
Зараз праверка насення ідзе поўным ходам. Аналізуючы раённую зводку, Раман Фёдаравіч адзначыў, што ў лідарах тыя гаспадаркі, якія пачалі правяраць зерне яшчэ ў верасні. Так, па 70% насення ачышчана і праверана ў СФГ “Раднік”, ААТ “Прыдзвінскі”, “Ульскі”, Лаўжанскае” і КУСГП “Мішневічы”.
“Нашы спецыялісты правяраюць зерне на чысціню, заражанасць шкоднікамі і хваробамі, усходжасць, вільготнасць, – расказала галоўны аграном раённай інспекцыі па насенняводству, каранціне і ахове раслін Д. Ф. Калдунова. – Больш таго, мы высявалі зерне кожнай культуры. Радуе, што энергія прарастання адпавядае норме. У параўнанні з мінулымі гадамі ўсё насенне зерневых і зернебабовых кандыцыйнае. На кожную правераную культуру мы выдаём пасведчанне, што з’яўляецца, можна сказаць, допускам да сяўбы”.
На канец мінулага тыдня ў раёне было ачышчана 1089 тон насення зерневых і зернебабовых. Як запэўніў Р. Ф. Прасветаў, тыдні за два з гэтай работай справяцца поўнасцю. А вясной кожная з гаспадарак раёна будзе купляць у “Альгоўскім” ці “Рудакове” элітнае насенне зерневых. Пастаўлена задача набыць 10% эліты ад засыпанага насення.
Пасля ачысткі зерневых у гаспадарках раёна прыступяць да праверкі канюшыны, цімафееўкі, яжы і іншых шматгадовых траў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.