Б’е – значыць, любіць?
Вельмі цяжка ўсвядоміць гэту жыццёвую “праўду”. Для нашай рэчаіснасці насілле ў сям’і – настолькі прывычная справа, што проста становіцца страшна. У нас жа не прынята ўмешвацца ў праблемы суседзяў і нават блізкіх родных. Але калі замужняя жанчына пастаянна ходзіць “сіняя”, то ўсе разумеюць, што яна бітая мужам, а не на дзвярныя касякі без канца натыкаецца. Яе могуць пашкадаваць, маўляў, як гаротніцы не пашанцавала, могуць паплакаць з ёй разам. Але не больш.
Мы прымаем такую сітуацыю, як ёсць. Тым больш, што і самі жанчыны, як правіла, насуперак усім законам прыроды, адмаўляючы інстынкт самазахавання і ўсе іншыя інстынкты, забыўшыся на чалавечую годнасць, невядома на што спадзяюцца, настойліва працягваюць жыць з тыранамі і падстаўляць плечы пад іх кулак. Яны штодня падвяргаюць жыццё і здароўе сваё і сваіх дзяцей небяспецы. І толькі ў судзе ведаюць, чым гэта можа скончыцца.
Сабачы павадок
Адкрытае пасяджэнне суда, якое правяла ў актавай зале УП ЖКГ старшыня суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкая, раскрыла перад калегамі цёмную палову натуры рабочага Гарэліна. Многія былі здзіўлены, але так бывае даволі часта, калі на рабоце чалавек праяўляецца як сумленны, працавіты, адказны работнік, якому можна даверыць справу. Ён можа быць сціплым і нешматслоўным, можа выручыць, дапамагчы, заўжды выконвае свае абяцанні. А дома ён пераўтвараецца ў пачвару і, скінуўшы скуру авечкі, паўстае перад блізкімі “ва ўсёй красе.” І тут ужо нікому мала не падасца. Вялікай нагоды патрэсці жонку не трэба – яна заўжды знойдзецца, калі кулакі чэшуцца. Ну, а калі сапраўды “заслужыла”, дык і сам бог загадаў.
Затрымаўшыся на працы, Алена ўжо адчувала, чым гэта можа скончыцца. Разумеў гэта і сын-падлетак, які ў такіх сітуацыях звычайна выклікае на дапамогу бабулю з дзядулем. Гарэлін пасля “маленькай віна”, загадзя падрыхтаваўшы сабачы павадок (раптам спатрэбіцца), з нецярпеннем чакаў жончынага прыходу. Хаця тут трэба зрабіць агаворку на тое, што яшчэ летам гэта пара развялася. Суддзя тады мела сур’ёзную гутарку з мужчынам, які абяцаў кінуць піць, стаць “белым і пушыстым”. Ужо зразумела, што яму гэты крок так і не ўдалося зрабіць, і ён з задавальненнем працягваў псаваць жыццё ўжо былой жонцы: прывычка, што называецца, засталася.
Прад’явіўшы жанчыне для парадку прывычныя прэтэнзіі, Гарэлін паваліў яе на канапу і стаў душыць тым самым сабачым павадком. Каб застацца ў жывых, Алена зрабіла выгляд, што страціла прытомнасць. І толькі тады мужчына адпусціў яе.
Гэтая пара пражыла ў шлюбе 15 год, і ўвесь час жанчына, па яе словах, спадзявалася, што ўсё яшчэ можа быць добра. Яна даравала пабоі і прыніжэнне, траціла сямейныя грошы на кадзіраванне мужа ад алкагалізму, дазваляла псаваць дзяцінства адзінаму сыну… І што ў выніку? Гарэлін быў прызнаны судом вінаватым у пагрозе забойствам пры наяўнасці падстаў апасацца яе здзяйснення і на падставе артыкула 186 Крымінальнага кодэкса яму было назначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 50 базавых велічынь, а таксама прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Хочацца спадзявацца, што заплаціўшы за свой учынак 9 мільёнаў рублёў, Гарэлін неяк навучыцца стрымліваць свае кулакі. Толькі ні сына, ні жонкі побач з ім ужо не будзе. Жанчына заявіла, што ніякіх зносін з былым мужам мець больш не жадае.
Задушыць – не задушыць, задушыць – не задушыць…
Сам чорт нагу зломіць у сямейных узаемаадносінах некаторых пар. І толькі суддзя А. А. Сініцкая ўмее ўбачыць рэальную сітуацыю скрозь пыл слоў, прызнанняў і абвінавачванняў.
Сямейная пара Парасінскіх, сітуацыя па якой разглядалася на адкрытым выязным судовым пасяджэнні ў Лаўжанскім сельвыканкаме, некалькі год таму была пазбаўлена бацькоўскіх правоў (дарэчы, іх дачку ўжо ўдачарылі). Цяпер яны жывуць удваіх так, як захочуць. Не без бутэлькі, не без сварак, не без узаемных прэтэнзій. І ўсё б нічога, каб чарговая сямейная бойка не закончылася ў судзе.
Варта заўважыць, што Парасінскі ўжо быў судзімы некалькі разоў, у тым ліку і за забойства сваёй маці. Пад якім наркозам істотна маладзейшая за яго дзяўчына вырашыла звязаць сябе законным шлюбам з такім чалавекам – загадка. Больш таго, нават той факт, што муж яе б’е, а ў гэты раз ледзь не задушыў, не перашкаджае жанчыне яго шкадаваць, прасіць не судзіць строга.
Наогул, падалося, што абвінавачваемы ніяк не мог усвядоміць, што ён пераступіў закон. І сапраўды, нічога, што здарылася ў той вечар, не выходзіла за рамкі даўно прапісанага іхнім сямейным статутам фармату жыцця. Ды і сама жанчына расказвала пра здарэнне, як пра абыдзенны выпадак.
…Некалькі дзён не начавала дома. Прыйшла. Прыбралася ў хаце. Пасварыліся. Пабіліся. Даў па галаве, заваліў на ложак і душыў. Ледзь вырвалася, заехаўшы яму ў пах. Пайшла пакурыла, падаіла карову. Спаць леглі… І каб цётка Парасінскай не выклікала міліцыю, на гэты выпадак яны, хутчэй за ўсё, ужо забыліся б.
Парасінскаму быў вынесены такі ж прыгавор, як і Гарэліну – 9 мільёнаў і прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Залу суда Парасінскія пакінулі разам з усмешкамі на тварах…
Апошнім часам у судзе разглядаецца усё больш спраў па фактах сямейнага насілля, заўважыла Алена Аляксееўна Сініцкая. І далёка не ўсе яны заканчваюцца так, як у прыведзеных прыкладах. Часта бытавыя сваркі прыводзяць да цяжкіх цялесных пашкоджанняў ці нават смерці пацярпелага. Прычым, звярнула ўвагу Алена Аляксееўна, усё часцей на лаўцы падсудных аказваюцца жанчыны. І галоўная прычына такой сітуацыі – некантралюемае ўжыванне спіртнога.
Імёны і прозвішчы герояў гэтых гісторый зменены. Але многія чытачы змогуць пазнаць у іх сваіх суседзяў, блізкіх, саміх сябе…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.