Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
На мове лічбаў

За студзень-верасень гэтага года ў раёне зарэгістравана 167 злачынстваў, гэта на 51 злачынства менш, чым у мінулым годзе, расказаў намеснік начальніка РАУС Ю. А. Арлоў.  Па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана 116 злачынстваў (на 28 менш, чым у мінулым годзе), у тым ліку 7 цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сёлета ў раёне адбылося 6 грабяжоў і столькі ж хуліганстваў. Зарэгістравана 87 крадзяжоў (на 26 менш, чым летась).  Па лініі незаконнага абароту наркотыкаў у гэтым годзе ў раёне адбылося 5 злачынстваў (у мінулым годзе было чатыры).
У гэтым годзе супрацоўнікі РАУС канфіскавалі ў жыхароў раёна 3669 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, самагону і самагоннай брагі.
За дробнае хуліганства сёлета затрымана 249 чалавек, за з’яўленне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 348 чалавек.

Прапаў
У міліцыю звярнулася жыхарка в. Беразніца, якая паведаміла, што напярэдадні ў яе быў сваяк, жыхар гэтай жа вёскі, але дадому ён не дайшоў. Мужчыну шукалі некалькі дзён. Знайшлі мёртвым на полі каля вёскі. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Абавязаная
Жыхарка в. Свярдлы павінна была выплачваць сродкі на ўтрыманне непаўналетняга сына, якога выхоўвае дзяржава.  Жанчыне дапамаглі працаўладкавацца ў мясцовую гаспадарку, але працаваць яна не хацела: за тры месяцы яна дапусціла 25 прагулаў. Запазычанасць дзяржаве склала 2,7 мільёна рублёў. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Снарад
Жыхар а.-г. Слабада ва ўрочышчы Казаногава знайшоў снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Група сапёраў, што прыехала з Віцебска, снарад абясшкодзіла і знішчыла.

Са зводак ДАІ
“Пакатаўся”

Супрацоўнікі ДАІ  на вуліцы Сіпко ў Шуміліне затрымалі жыхара в. Мішкавічы, які ў стане алкагольнага ап’янення ехаў на “Фальксвагене”. Мужчына не меў рэгістрацыйных дакументаў, страхоўкі, дзяржагляду і правоў, бо некалькі месяцаў таму быў іх пазбаўлены. На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 100 БВ. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты і ўладальнік аўтамабіля, непрацуючы жыхар Віцебска, які перадаў права кіравання нецвярозаму.

Не ўступіў дарогу
Жыхар райцэнтра, які ехаў па вуліцы Юбілейнай на аўтамабілі “Опель”, пры павароце на аграгарадок Светласельскі не ўступіў дарогу “Сітраену”, што рухаўся ў сустрэчным накірунку. Машыны сутыкнуліся, вадзіцелі не пацярпелі, аўтамабілям патрабуецца рамонт. Як высветлілася, вадзіцель “Опеля” быў у стане алкагольнага ап’янення. Яму пагражае пазбаўленне правоў на тры гады і штраф.

На сустрэчнай паласе
Жыхар Шуміліна, які кіраваў аўтамабілем “Нісан-Прэм’ера”, парушыў правілы абгону і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем “Хонда”. Машыны пашкоджаны. Кіроўцу “Нісана” пагражае штраф да 10 БВ і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на адзін год.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *