В Амбросовичах делают чудеса из корней деревьев

Мир увлечений Семья

Знаходкі  самі  дыктуюць  будучы  вобраз
Пра захапленне гэтых людзей падказалі жыхары аграгарадка Амбросавічы. “Калі ўбачыце работы з дрэва, то самі ўпэўніцеся, што ад іх немагчыма адвесці вачэй”, – расказалі вяскоўцы.
З Віктарам Пахірам, які працуе на мясцовай ферме, мы былі ўжо знаёмыя,  размаўлялі пра жывёлагадоўчыя справы. Малады чалавек ніколі не хваліўся захапленнямі сваёй сям’і. А пахваліцца ёсць чым: Віктар з жонкай Вольгай, брат Артур з жонкай Святланай, брат Міхаіл захапляюцца караняпластыкай. “Караняпластыка – гэта від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, звязаны з вырабам скульптур з прыкаранёвых нарастаў (капаў) дрэў цвёрдых парод. Для вырабаў выкарыстоўваюцца таксама карані, галіны дрэў”, – патлумачылі браты Пахіры.
Як высветлілася, караняпластыкай першай у сям’і пачала займацца маці Віктара, Артура і Міхаіла – Ала Віктараўна Зухар, а потым ужо захапіла гэтай справай сваіх сыноў і нявестак.  “Я з дзяцінства вельмі любіла маляваць, бог дараваў мастацкае бачанне свету, –  расказала жанчына. – Многа гадоў займаюся караняпластыкай. У цяжкія перыяды жыцця нашай сям’і маё захапленне прыносіла прыбытак. Удзельнічала ў розных конкурсах і выставах, мае работы куплялі ў розныя гарады і краіны”.
Ала Зухар разам з мужам Іванам Данюком у гэтым го-дзе прыехала да дзяцей у Амбросавічы. “Мы жылі ва Ужгарадзе на Украіне, – расказалі муж і жонка. – У нашым горадзе было спакойна. Але мы вырашылі: калі нашым дзецям, якія з’ехалі ў Беларусь больш за год таму, добра тут, то і мы не будзем пакрыўджанымі”. Разам з мэбляй, асабістымі рэчамі Ала Віктараўна везла ў Амбросавічы высушаныя карані дрэў.  Брала самыя прыгожыя і арыгінальныя. Шкада было пакідаць такое багацце на Украіне, бо невядома, ці вернуцца туды зноў.
На свае вочы мы пабачылі некалькі з прывезеных каранёў: некаторыя нагадваюць змяю, іншыя падобныя на звяроў ці птушак. “Так, такую прыгажосць стварае прырода, толькі трэба доўга шукаць арыгінальныя карані, – кажа Ала Віктараўна. – Дзеля гэтага мы ўсёй сям’ёй адпраўляемся ў падарожжа па рэчках ці балотах. Як правіла, карані дрэў, якія абмываюцца вадой, вельмі цікавыя па сваёй форме. У любога вырабу, выкананага ў стылі караняпластыкі,  два аўтары: прырода і чалавек”.
Хаця амбросавіцкія майстры вельмі ўдзячны прыродзе за арыгінальны зыходны матэрыял, але ж без фантазіі і ўмелых рук ён бы не пераўтварыўся ў прыгожыя рэчы. Гэта майстар фарміруе сюжэт і нават цэлую кампазіцыю. “Прычым, розныя майстры ў адной і той жа каранёвай нарыхтоўцы бачаць розныя “скульптуры”, – працягвае Ала Зухар. – І па стылю кожнага з сыноў магу сказаць, чыя ідэя лягла ў аснову таго ці іншага вырабу”. Тым не менш у кожнага з майстроў багатая фантазія,  арыгінальныя вобразнае мысленне і аб’ёмнае бачанне. Гэта скажа кожны, хто пабачыць іхнія вырабы. Не перастаеш здзіўляцца, як з вялікага выкручанага  і, здаецца, бясформеннага кораня бярозы, вольхі ці дуба можна зрабіць такую прыгажосць. І ўсё сваімі рукамі, без выкарыстання спецыяльнай тэхнікі. Праўда, у Алы Зухар і яе сыноў багатая майстэрня: мноства спецыяльных разцоў, марылак і іншых фарбавальнікаў. Крок за крокам ствараюцца ўсё новыя і новыя вырабы: казачныя і былінныя персанажы, падстаўкі для кветак, вешалкі, падсвечнікі, стулы і іншыя прыгожыя рэчы, якія могуць упрыгожыць інтэр’ер любога памяшкання.
Майстры расказалі, што яны стараюцца мінімальна ўмешвацца ў задумку прыроды: знаходкі самі дыктуюць будучы вобраз вырабу. “Мы спрабуем данесці прыхільнікам нашай творчасці, што прырода – вялікі майстар, – кажуць браты Пахіры. – З дапамогай сонца, ветру, дажджу і снегу ствараюцца прыгожыя рэчы. Толькі трэба знайсці і ўбачыць гэту прыгажосць”.
Зараз сям’я працуе з тым матэрыялам, што прывезлі з Украіны. “Але ж мы нагледзелі матэрыялы для будучых вырабаў і на балотах Шуміліншчыны, – расказала Ала. – Там вельмі многа прыгажосці для палёту фантазіі любога майстра”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 86 ад 03.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *