Работа са зваротамі грамадзян – індыкатар дзейнасці ўлады і арганізацый
Важнейшымі задачамі любой краіны з’яўляюцца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, стварэнне ўмоў для развіцця асобы, павышэнне якасці жыцця людзей. Паспяховае рашэнне гэтых задач у многім залежыць ад таго, наколькі эфектыўна дзейнічае сістэма работы з насельніцтвам.
У нашай краіне прымаюцца меры, накіраваныя на ўдасканаленне механізмаў работы з грамадзянамі па разгляду зваротаў і ўдасканаленне адміністрацыйных працэдур. Да нядаўняга часу для гэтых мэт дзейнічала Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”. У сакавіку Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 135 былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Дырэктыву, у выніку чаго яна была выкладзена ў новай рэдакцыі «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”.
Галоўным патрабаваннем дадзенага нарматыўнага дакумента вызначана “лічыць стан работы з насельніцтвам адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый”.
Аб гэтым на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў гаварыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава перад пачаткам абмеркавання пытання “Аб рабоце, праводзімай у сельскіх населеных пунктах раёна, па выкананні зваротаў грамадзян, рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”. Ірына Мікалаеўна зазначыла, што ў раёне праводзіцца значная работа ў дадзеным накірунку, склалася добрая практыка работы з насельніцтвам, рэгулярна ладзяцца выязныя асабістыя прыёмы грамадзян, “прамыя” і “гарачыя” тэлефонныя лініі, дні работы з насельніцтвам, падворныя абходы, адзіныя дні інфармавання, сходы грамадзян і г. д. Так што ў людзей заўсёды ёсць магчымасць задаць свае набалелыя пытанні кіраўніцтву раёна, раённых службаў, мясцовай уладзе. І дзякуючы такой рабоце ўдаецца аператыўна вырашаць праблемы і такім чынам папярэджваць звароты грамадзян у вышэйстаячыя інстанцыі.
З дакладам выступіла загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Л. І. Казаравец. Любоў Іванаўна зрабіла грунтоўны і разгорнуты аналітычны аналіз праводзімай работы са зваротамі грамадзян, адзначыўшы, што ў райвыканкаме за 9 месяцаў 2015 года ў параўнанні з 2014 годам назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасці зваротаў (са 160 да 129, задаволена 36 зваротаў), зніжэння колькасці калектыўных зваротаў (з 22 да 12), на ўзроўні мінулага года застаецца колькасць зваротаў, якія паступілі з вышэйстаячых арганізацый (17).
З агульнай колькасці зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, 41,9% паступілі ад жыхароў сельскай мясцовасці. Зніжэнне абдылося практычна па ўсіх сельсаветах, акрамя Каўлякоўскага. Застаецца высокай колькасць зваротаў на 1 тысячу чалавек у Сіроцінскім сельсавеце.
Значная частка пытанняў, якія ставіць насельніцтва, вырашаецца на пярвічным узроўні. Звароты (і гэта пацвярджае статыстыка), якія паступілі ў сельскія выканаўчыя камітэты, практычна ўсе задаволены.
Дакладчык падрабязна спынілася на кожнай форме работы з насельніцтвам, агучыла асноўныя нявырашаныя пытанні, якія стаяць на кантролі, па кожным сельсавеце, кожнай галіне.
Па словах Л. І. Казаравец, з 56 пунктаў пратакола даручэнняў па рэалізацыі крытычных заўваг, якія знаходзіліся на кантролі выканання па стане на 2 сакавіка 2015 г., нявыкананымі на сённяшні дзень застаюцца 23 (41%) з агульнай колькасці уключаных у пратакол. Яны ў асноўным патрабуюць значных фінансавых сродкаў па іх вырашэнні.
На пасяджэнні прэзідыума слова трымалі кіраўнікі раённых службаў (ЦРБ, УП ЖКГ, райспажыўтаварыства, КБА, лясніцтва і інш.), у адрас якіх паступалі і застаюцца нявырашанымі пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва раёна.
На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў звернута ўвага кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый на глыбокае вывучэнне, выключэнне прычын, якія нараджаюць звароты, і іх адказнасць за своечасовае і поўнае вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
Па абмяркоўваемым пытанні прынята адпаведная пастанова з дакладна акрэсленымі прапановамі па ўдасканаленні работы са зваротамі грамадзян.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 85 ад 30.10.2015 г.