Марина Романятова — лауреат областной премии имени Героя Советского Союза З. М. Туснолобовой-Марченко

Актуалии Семья

Жыве радасцямі і клопатамі дзяцей
У гэтым годзе жыхарка аграгарадка Слабада, маці дзвюх дачок, Марына Іванаўна Раманятава стала лаўрэатам абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі.
Марына Іванаўна ў Дзень маці пабывала на святочным прыёме ў аблвыканкаме. “Мерапрыемства, на якое ездзіла разам са старэйшай дачкой Вікай, вельмі спадабалася, – кажа жанчына. – У адрас маці, якіх з усёй вобласці сабралася цэлая зала, гаварылі шмат цёплых слоў,  уручылі кветкі і прэміі”.
Будучы чалавекам сціплым, Марына Іванаўна прызналася, што ёй крыху няёмка за такую высокую пашану. Маўляў, ёсць жа на Шуміліншчыне і мнагадзетныя сем’і.  Але не толькі гэта важна, але і тое, што М. І. Раманятава добрая жонка і гаспадыня, клапатлівая маці, што ў яе сям’і жывуць разуменне і дабрабыт.
Марына Іванаўна родам з Віцебскага раёна, але вось ужо восем гадоў як з мужам Аляксандрам Леанідавічам і дзецьмі жывуць у Слабадзе. Маладой сям’і КУСГП “Сіроцінскі” выдзеліў дом. Марына працуе ў гаспадарцы інжынерам па ахове працы,  муж – механізатар.  М. І. Раманятава ўсё ж лічыць, што галоўнае прызначэнне жанчыны – быць маці. Яна вельмі любіць сваіх дзяўчатак і з захапленнем расказвае пра іх. Старэйшая Віка вучыцца ў чацвёртым класе, наведвае спартыўны гурток, добра малюе, але ж галоўным захапленнем з’яўляецца музыка. Віка наведвае музычную школу, дзе вучыцца іграць на фартэпіяна, добра спявае, удзельнічае ў шматлікіх канцэртах і конкурсах. У мінулым навучальным годзе заняла першае месца ў раённым этапе трэцяга рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, мір!”. Гэта была перамога не толькі Вікі, але і яе мамы, і ўвогуле ўсёй сям’і.
Малодшай дачцэ Раманятавых Аліне  ўсяго чатыры годзікі. Дзяўчынка наведвае дзіцячы сад, любіць глядзець мульцікі, прыбіраць у пакоі і мыць посуд. Так, Марына Іванаўна лічыць важным працоўнае выхаванне дзяцей. Чацвёртакласніца Віка, напрыклад, ведае, што пасля школы ў яе ёсць штодзённы абавязак: нанасіць у хату дроў.  Хаця асабісты прыклад мамы для дзяўчат таксама адыгрывае немалую ролю. І мыццё бялізны, уборка ў доме, выпечка становяцца для маці з дочкамі агульнай справай.
Калегі М. І. Раманятавай лічаць, што Марына Іванаўна – маці з добрым і чулым сэрцам. Яна жыве сям’ёй, клопатамі і радасцямі дачок. Пяшчотная і ўважлівая, жанчына стараецца, каб яе дочкі сябравалі паміж сабой, дапамагалі адна адной, былі не толькі сёстрамі, але і сяброўкамі. Мара маці – гэта шчасце для сваіх дзяцей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 85 ад 30.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *