Прыпынак – Сіроціна

Актуалии Край шумілінскі Сельское хозяйство

Прыпынак – Сіроціна
Калыска раёна

Сіроціна – вёска асаблівая. Ужо хаця б тым, што яшчэ нейкіх сто гадоў таму гэта быў самы буйны населены пункт на Шуміліншчыне. Больш таго, цэлы раён насіў імя гэтага мястэчка. Яно славілася гучнымі кірмашамі, выдатнымі рамеснікамі і гандлярамі. Тут была царква, сінагогі, шмат магазінаў і лавак і нават радзільны дом. Сёння пра былую моц Сіроціна нішто не нагадвае, і выпадковыя падарожныя, якія мала знаёмыя з гісторыяй нашага раёна, заўжды адзначаюць асаблівы спакой і размеранае жыццё ў гэтай вёсачцы на перакрыжаванні дарог. Здаецца, так было заўжды.
Сёння, паведамілі ў сельвыканкаме, у Сіроціне жыве 275 чалавек, з іх 147 людзей працаздольнага ўзросту, 65 пенсіянераў і 63 дзіця. Многія трымаюць гаспадарку, але, напрыклад, на ўсю вёску кароў налічацца ўсяго тры. Некаторыя перайшлі на коз. Большасць сіроцінцаў працуюць у мясцовай гаспадарцы, але многія знайшлі месца працы ў Шуміліне. Геаграфіяй абумоўлена і добрае транспартнае забеспячэнне: многія рэйсавыя аўтобусы праходзяць праз вёску, таму штодня ёсць магчымасць наведацца ў райцэнтр і вярнуцца дадому. А самыя зручныя ў гэтым сэнсе дні, заўважылі мясцовыя, – гэта серада і пятніца.
Кожны дзень акрамя нядзелі і панядзелка ў цэнтры вёскі працуе мабільнае аддзяленне паштовай сувязі, каля якога заўжды ёсць кліенты. А вось КБА – на замку, і задаволіць свае патрэбы ў бытавых паслугах сіроцінцы могуць толькі ў Шуміліне.
У вёсцы падтрымліваецца парадак. Сёлета, напрыклад, за кошт дарожнага фонду бюджэту сельсавета з дапамогай друзу была добраўпарадкавана вуліца Зарэчная.

Радуюцца за кожнае дзіця
У Сіроціне вось ужо трэці год як няма дзевяцігодкі. Цяпер тут дзіцячы сад-пачатковая школа.  І ў двухпавярховым будынку вучыцца і выхоўваецца ўсяго дваццаць дзяцей.
Тым не менш школа жыве. Некаторыя яе выпускнікі-чацвёртакласнікі  вытрымалі экзамены і паступілі ў раённую гімназію, астатнія пайшлі ў Слабадскую школу.  “У нас надзейны, дружны і творчы калектыў, – расказала дырэктар Святлана Браніславаўна Аўсяннікава. – С. В. Каржуева і Н. А. Цяцюева – вопытныя настаўнікі, В. П. Архіпава – дасведчаны выхавацель.  Мы захоўваем школьныя традыцыі. На 8 Сакавіка і на Новы год у школу збіраюцца не толькі бацькі дзяцей, але і іх бабулі, старэйшыя браты і сёстры”. Такім чынам школа з’яўляецца той установай, куды на свята могуць прыйсці ўсе – ад старога да малога. І ўсім тут добра і весела.
У вёсцы працуе філіял школы мастацтваў. Два разы на тыдзень сюды прыязджае музычны кіраўнік В. П. Семчанка. І большасць дзяцей  вучыцца іграць на фартэпіяна.
“Пакуль у вёсцы ёсць маладыя сем’і –  ёсць каму раджаць, – кажа С. Б. Аўсяннікава. – Прыемна  сустрэць у вёсцы цяжарных жанчын. Некалькі дзетак нарадзіліся і ў гэтым годзе. І мы радуемся за кожнага нованароджанага.

Будуць дзеці – будзе і школа”.
Вольга Серабракова і Дзмітрый Зайцаў з Сіроціна не ўяўляюць свайго жыцця без вясковай прасторы, свежага паветра і работы на зямлі. Віцяблянка Вольга, якая прыязджала да родзічаў у Зямцы, і ўскружыла галаву Дзмітрыю. Пасля вяселля яна пажадала застацца на сваім дзявочым прозвішчы. Муж быў не супраць, бо лічыць, што не ад гэтага залежыць сямейнае шчасце, а ад  разумення. Па ўсяму бачна, яно ёсць у сям’і. Бо толькі ў разуменні і каханні могуць нарадзіцца такія прыгожыя дзеткі: двайняты Віта і Віка, Ліза і Русланчык.
Паколькі Дзмітрыя ў дзень нашага прыезду дома не было, пра сваю сям’ю нам расказала гаспадыня.  Пытаюся ў Вольгі, як яна, гараджанка,  засталася жыць у вёсцы. “А мне тут падабаецца, – усміхаецца жанчына. – З мясцовай гаспадаркі нам выдзелілі дом. Цяжкасцей я не баюся.  Праўда, на першых гадах сямейнага жыцця мы з мужам паехалі ў горад да маёй маці. Пабылі там з месяц, работу не знайшлі. Патрацілі грошы і вярнуліся назад. Пасля вёскі горад нам падаўся занадта мітуслівым”.
Пасля дэкрэтнага водпуску Вольга ўладкавалася працаваць даяркай на мясцовую ферму. Тут жа слесарам малакаправода працуе і муж. Пакуль бацькі на рабоце, дзяўчаты вучацца ў школе: двайняты – у чацвёртым класе, Ліза – у першым. Ну, а Руслан наведвае мясцовы дзіцячы сад.
Гэты год у маладой сям’і багаты на юбілеі: Вользе і Дзмітрыю споўнілася па трыццаць гадоў, нядаўна з дзесяцігоддзем віншавалі двайнят Віту і Віку. Разам з бабуляй, якая па спецыяльнасці кандытар, дзяўчаты да ўсіх святаў пяклі смачныя торты.
“Я люблю сваю сям’ю і сваіх дзяцей, – кажа Вольга. – Яны – сэнс нашага з мужам жыцця. Вельмі хочацца, каб дзеці былі шчаслівымі”.

Два ў адным
Яшчэ нядаўна ў Сіроціне працавалі два магазіны – прамтаварны і харчовы. Але пасля рэарганізацыі, якая адбылася ў красавіку, іх аб’ядналі ў адзін. Вядома, гэта не паспрыяла тавараабароту. Раней, расказала прадавец Ніна Ефімовіч, давалі тавары ў крэдыт, дзейнічалі акцыі, гандаль быў больш бойкім.
Асартымент, прадстаўлены ў краме, можна назваць дастатковым для забеспячэння штодзённых патрэб вяскоўцаў: разнастайная малочная прадукцыя, мясныя вырабы і паўфабрыкаты, ёсць  гародніна і шмат чаго яшчэ смачнага і карыснага.
Тавараабарот за мінулы месяц склаў 255 мільёнаў, а за папярэдні ўдалося зрабіць 330 мільёнаў. Людзей у вёсцы няшмат, заўважае прадавец, таму не так і лёгка выконваць план. Дарэчы, усе, з кім мы пагутарылі, адзначалі добрасумленнасць і добрую работу Ніны Сяргееўны. Але ж пакуль яна працуе ў магазіне адна, і прызналася, што доўга так не вытрымае.
Старонку падрыхтавалі Наталля ЧАРНІЧЭНКА і Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 84 ад 27.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *