Каляровая палітра восеньскага кірмашу ў Шуміліне

Актуалии Общество Экономика

Каляровая палітра восеньскага кірмашу
З самага ранку ў мінулую суботу людзі спяшаліся на кірмаш. А восьмай гадзіне сюды прыйшлі тыя, хто меў на мэце быць першым пакупніком, каб купіць гародніну. Сваіх пакупнікоў ветліва сустракалі прадаўцы – яны ж былі зацікаўлены, каб як мага хутчэй рэалізаваць тавар. Да таго ж, першым пакупнікам рабілі яшчэ і добрую скідку. Так што той, хто ўстаў раней, застаўся ў выйграшы.
Увогуле каляровая палітра восеньскага кірмашу парадавала. Бульба і капуста, морква і буракі, яблыкі і чарнаплодная рабіна, журавіны і брусніцы. Нібыта ўсе фарбы восені перамяшаліся паміж сабой. А іх “аздобіў” пах хрызантэмаў, якіх дастаткова было на свяце. Белыя, бардовыя, ружовыя, жоўтыя – яны прыемна казыталі нос сваім непаўторным водарам.
Кожнае гандлёвае месца адрознівалася сваім каларытам і разнастайнасцю прадукцыі. А яе прывезлі з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Усе яны гандлявалі ячменем і пшаніцай. Прадавалі мяшкамі, напрыклад, за ячмень прасілі па 80 тысяч рублёў. Хто хацеў увесь прадаць, а не везці дадому, у сярэдзіне кірмашу зрабілі разумны маркетынгавы ход: пусцілі свой тавар на 5-10 тысяч танней. І пакупнікі пацягнуліся да такіх прадаўцоў.
Нядорага прадавалі бульбу з СФГ “Раднік”. Дарэчы, фермерская гаспадарка прэзентавала храму Святога Мікалая Цудатворцы 150 мяшкоў бульбы. І прадстаўнікі храма прадавалі яе, каб зарабіць грошай. Куплялі, але не вельмі бойка. Відаць, многія паклапаціліся набыць бульбу яшчэ да кірмашу. Тым больш, што ў пакупнікоў сёлета вялікі выбар:  бульба ва ўсіх урадзіла, і выбіраць можна было не толькі па гатунках, але і па цане.
Канкурэнцыю “Радніку” па продажы капусты склалі прыватнікі з Віцебскага раёна, райспажыўтаварыства, а таксама школы. У прыватнасці, у Навіках вырасцілі нядрэнны ўраджай. І за школьнай капустай нават выстраілася чарга. У гэты дзень яе прадалі амаль тону, папоўнілі школьны спецрахунак на 3,6 мільёна рублёў.
Гародніну прадавалі практычна ўсе школы раёна. Карысталіся попытам цыбуля і часнок, куплялі фасолю, буракі і моркву. Вельмі хутка разышлася танная гародніна ў СШ №2. Да повараў з СШ № 1 за свежым печывам выстраілася чарга. Бралі дамашняе пячэнне ў Добрынскай школы, прадстаўнікі якой упрыгожылі сваё рабочае месца рознымі цікавымі вырабамі з гародніны і садавіны.
Доўга не сунімаўся народ перад дзвюма машынамі з Лепельшчыны, якія прывезлі саджанцы пладовых дрэў. Як расказалі прадаўцы, куплялі саджанцы добра. Асабліва карысталіся попытам познія гатункі яблынь і груш. Што датычыцца экзатычных саджанцаў, то іх можна было набыць з лясгасаўскай машыны. Некаторыя гаспадары прыватных дамоў бралі туі, каб упрыгожыць імі свой двор.
Багата на кірмашы было мёду. Яго прадавалі не толькі з ААТ “Лаўжанскае”, але і прыватнікі з Шуміліна, Грудзінава, Кардона, Слабады, Крывога Сяла. Цана  – 40 тысяч за паўлітровы слоік – была прымальная.
Са слоікамі ў сумках прыходзілі з дому не толькі за мёдам, але і за поліўкай. Яе прадавала райспажыўтаварыства з паходнай кухні: за паўлітра – 10 тысяч рублёў. За паўдня разабралі больш як сто літраў.
Прыватнікі раёна прадавалі гародніну і яблыкі. Гаспадары з Добрына і Мішкавіч прывезлі на кірмаш трусоў. Прадалі некалькі – па дзвесце тысяч рублёў.
ПМК-70 выставіла на кірмашы сваю прадукцыю: штапікі, плінтусы, вагонку, палавую дошку. Гэта была добрая рэклама прадпрыемству. А вось камунгас, як кажуць, у рэкламе не меў патрэбу: два прычэпы іх дроў-бярвенняў па 980 тысяч кожны прадалі ўмомант. Не прыйшлося доўга чакаць пакупніка райпаліўзбыту: дровы цуркамі хутка купілі.
На кірмаш прыехалі некаторыя віцебскія прадпрыемствы. Прадавалі тэкстыль, трыкатаж, шкарпэтачныя вырабы і нават мэблю. Усе чакалі “Марка” ці “Белвест”, але іх не было. Затое райспажыўтаварыства прадавала  абутак са скідкай.
За актыўны ўдзел у кірмашы граматамі райвыканкама былі ўзнагароджаны КУСГП “Сіроцінскі”, СФГ “Раднік”, Лепельскі гадавальнік, “Тэкстыльгандаль” з Віцебска, Ляжнёўскі дзіцячы сад, Амбросавіцкая і Добрынская школы, раённая гімназія.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў № 82 ад 20.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *