Патрабаванні сталі больш жорсткімі
З першага верасня ў нашай рэспубліцы ўведзены новыя дзяржаўныя стандарты на закупку малака. Калі раней сырзаводы прымалі малако і другога гатунку, то зараз патрабаванні сталі больш жорсткімі: малако закупляюць толькі сортам “экстра”, вышэйшым і першым. Згодна з новымі патрабаваннямі ўведзены і строгія крытэрыі і дапускаецца мінімум другарадных рэчываў у прадукце. У адваротным выпадку сыравіна не дапускаецца да перапрацоўкі.
Ці падыходзіць малочная сыравіна, якую здаюць сельгасарганізацыі нашага раёна, пад новыя стандарты? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да галоўнага спецыяліста аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Таццяны Яўсеевай. “Кожны дзень з гаспадарак раёна ў вытворчы цэх ААТ “Малако” прывозяць 50-52 тоны малака, – расказала Таццяна Віктараўна. – Сыравіна адпавядае ўсім патрабаванням. Напрыклад, у верасні сортам “экстра” здалі 31%, вышэйшым – 58%, астатняе – першым гатункам”. Прычым, сярод усіх гаспадарак вылучаюцца дзве: ААТ “Прыдзвінскі”, з якой за верасень рэалізавалі 61,8% малака гатункам “экстра”, і СФГ “Раднік” (58,9% “экстра”). Калі фермерская гаспадарка з году ў год па якасці малака лепшая ў раёне, то “Прыдзвінскі” яшчэ год таму быў у хвасце раённай зводкі.
“Сакрэт просты: у жывёлагадоўлі навялі парадак. Напэўна, прыйшлі да высноў, што ад рэалізацыі малака добрай якасці можна атрымаць нядрэнны прыбытак і пачалі лічыць свае грошы, – каменціруе сітуацыю першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. М. Пытко. – На фермах гэтай гаспадаркі вылечылі кароў ад мастыту. Большай стала патрабавальнасць з боку кіраўніцтва. Сумленная праца даярак, ветурачоў і заатэхнікаў – вось тыя “тры кіты”, на якіх трымаецца жывёлагадоўля. Асабліва хочацца адзначыць ферму Свярдлы, дзе амаль усё малако ідзе сортам “экстра”. Застаецца толькі парадавацца за “Прыдзвінскі”, дзе пры тых жа самых даярках і спецыялістах здолелі дабіцца поспеху. Думаецца, усім астатнім не перашкодзіла б там павучыцца”.
А такіх “вучняў” па раёне знойдзецца нямала, кажа Аляксей Мікалаевіч. Сярод адстаючых – УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і ААТ “Прыазёрны мір”, дзе амаль палову малака рэалізуюць дзяржаве толькі першым сортам. А “экстра” тут вялікая рэдкасць. Сярод прычын гэтага спецыялісты райсельгасхарчу называюць той жа дэфіцыт сумленных адносінаў да выканання сваіх абавязкаў не толькі даярак, але і некаторых спецыялістаў. А на ферме Амбросавічы, што ў “Прыазёрным міры”, тэрмінова трэба праводзіць тэхнічнае абслугоўванне даільнай залы, інакш “экстра” не атрымаеш, сцвярджае А. М. Пытко.
Мы пацікавіліся, колькі ж грошай губляюць гаспадаркі, чыё малако не дацягвае да гатунку “экстра”. “Тона малака першага сорту каштуе 3 мільёны 640 тысяч рублёў, вышэйшага – 3 мільёны 945 тысяч рублёў, “экстра” – 4 мільёны 580 тысяч”, – расказала Таццяна Віктараўна. – Значыць, толькі на адной тоне малака першага сорту, якое магло б быць “экстра”, губляецца 940 тысяч рублёў”. А калі ўлічыць, што, напрыклад, “Прыазёрны мір” рэалізуе за дзень па сем тон малака? Простая арыфметыка ўражвае: калі здалі б усё малако гатункам “экстра”, атрымалі б дадаткова за месяц амаль 200 мільёнаў рублёў. А яны б маглі пайсці на выплату зарплаты, пакупку неабходных дэталяў для трактароў ці яшчэ якія пільныя патрэбы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 82 ад 20.10.2015 г.