“Чысты лес”
17 кастрычніка ў Беларусі па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі праводзіцца экалагічная акцыя “Чысты лес”. Акцыя накіравана на добраўпарадкаванне і навядзенне парадку ў лясах, ліквідацыю там несанкцыяваных звалак, будаўнічых і бытавых адходаў.
Рэспубліканская акцыя праводзіцца з 2010 года. За гэты час яна набыла сваіх пастаянных удзельнікаў, іх колькасць расце з кожным годам. Сёлета чакаецца, што на работу па ачыстцы лясоў выйдзе каля 30 тысяч чалавек. Акцыя актыўна падтрымліваецца мясцовымі ўладамі, дзяржаўнымі, грамадскімі і камерцыйнымі арганізацыямі, школьнікамі, студэнтамі і сродкамі масавай інфармацыі.
Далучыцца да работнікаў лясгаса і ўнесці свой уклад у ачышчэнне лясоў ад смецця, навядзенне парадку ў месцах адпачынку, уздоўж лясных дарог могуць усе жадаючыя. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясгас ці мясцовае лясніцтва. Лясгас забяспечыць удзельнікаў акцыі неабходным інвентаром, арганізуе вывазку смецця.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №81 ад 16.10.2015 г.