Капуста ўрадзіла на славу
На мінулым тыдні многія арганізацыі і прадпрыемствы раёна выехалі на дапамогу ў СФГ “Раднік” на ўборку ўраджаю. У прыватнасці, асноўныя сілы былі накіраваны на ўборку капусты.
У чацвер, 8 кастрычніка, на капусным полі было шматлюдна. Сюды прыехалі работнікі з некаторых школ раёна, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзяржстраху, рэдакцыі, санстанцыі, Обальскага кера-мічнага завода, прадпрыемства меліярацыйных сістэм – усяго з паўсотні чалавек. “Капуста ўрадзіла на славу!” – гэтак ацанілі ўраджай памочнікі. У некаторых не вытрымалі нажы. Сапраўды, на полі трапляліся такія аб’ёмныя качаны, што жанчынам і рукамі не абхапіць. “Мы ўзважылі адзін з самых вялікіх качаноў, ён пацягнуў больш за дванаццаць кілаграмаў, – расказала загадчыца цэнтральнага склада фермерскай гаспадаркі Г. А. Карнякова. – У нас пасеяна сёлета тры гатункі капусты: “моцарт”, “бусоні”, і “атарына”. Нават цяжка сказаць, які сорт урадзіў лепш”.
У гэты дзень фермерскай гаспадарцы дапамагалі і з транспартам. Напрыклад, на МАЗе прыехаў вадзі-цель ДРБУ-204 Мікалай Маісееў. “Для мяне сельгасработы – справа прывычная, – расказаў мужчына. – У час жніва дапамагаў некаторым гаспадаркам адвозіць зерне, а цяпер вось на капусце некалькі дзён папрацую”. За якую гадзіну шумілінскія памочнікі нагрузілі Мікалаю поўны кузаў капусты. Яна паехала на вагі, потым на сарціроўку. Раскладзеную па сетках капусту пастаўляюць у гандлёвыя прадпрыемствы вобласці, а таксама ў арганізацыі па заяўках. Прадаюць і прыватным гаспадарам, і многія з іх запасліся ўжо гэтай вітаміннай прадукцыяй. Дарэчы, 8 кастрычніка было ўбрана і звезена з палеткаў 23 тоны капусты, а на наступны дзень – больш як трыццаць тон.
Галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Гушча расказаў, што ўраджайнасць капусты сёлета склала 400 цэнтнераў з гектара. Гэта нядрэнна, калі ўлічыць, што лета было засушлівае. Разам з капустай у гаспадарцы ўбіраюць моркву і сталовыя буракі. На маркоўных градах працуюць беспрацоўныя, якія стаіць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №80 ад 13.10.2015 г.