З агеньчыкам добрага настрою
У гэты дзень у яе было запланавана шмат спраў па дому. Трэба паспець, пакуль сыны вернуцца з вучобы. “Галоўнае – смачна накарміць маіх хлопцаў, – усміхаецца гаспадыня. – Тады яны задаволеныя і гатовы на поспехі ў рабоце і вучобе”.
Гаспадыня – Валянціна Уладзіміраўна Акуцёнак з Мікалаева пякла дранікі, якія любіць уся сям’я. А яна немалая: муж, Юрый Генадзьевіч, і трое сыноў. Жанчына з цеплынёй расказала пра ўсіх: муж захапляецца тэхнікай, старэйшы сын Максім, які вучыцца ў Ульскім ліцэі за слесара, вадзіцеля і зваршчыка, ходзіць у трэнажорную залу, пяцікласніку Ягору даспадобы вучыцца ў музычнай школе па класу баяна. Ну, а трохгадовы Мацвей любіць гуляць у машынкі і глядзець мульцікі. А ва ўсёй сям’і ёсць захапленне, якое аб’ядноўвае – гэта рыбалка. Акуцёнкі любяць ездзіць з начоўкай на рыбалку на адно з любімых азёр у Бешанковіцкім раёне.
Валянціна Уладзіміраўна расказвае пра сваіх дзяцей з асаблівым замілаваннем і пяшчотай. Яна жыве іх клопатамі і праблемамі. Прычым, пра іх дазнаецца першай. І вельмі ганарыцца тым, што дзеці ёй давяраюць. “Магчыма, мацярынская праца і не заўважная кожны дзень, але ж яна вельмі патрэбная і самая галоўная, – лічыць Валянціна Уладзіміраўна. – Быць мамай – вялікая адказнасць за жыццё, здароўе і дабрабыт маленькага чалавека”. Стараецца, каб сыны былі дружнымі, каб дапамагалі адзін аднаму, каб адчувалі сваю адказнасць за сям’ю і за людзей, што жывуць побач. Хто-хто, а Валянціна Уладзіміраўна, якая працуе ў Мікалаеве сацыяльным работнікам, ведае, што такое быць патрэбнай лю-дзям. Уласным прыкладам дабрыні і клопату пра састарэлых стараецца навучыць і дзяцей быць спагадлівымі да іншых.
Адзін з прынцыпаў выхавання В. У. Акуцёнак – гэта выхаванне ў працы. Не дарэмна ж пяцікласнік Ягор, на пытанне, што любіць рабіць дома, смела адказаў: “Я люблю працаваць!” А потым патлумачыў: “Дапамагаю маме на агародзе, мыю посуд, даглядаю марскую свінку”. Старэйшы Максім сваёй працай зарабіў на матацыкл: палову лета хадзіў у ягады.
Валянціна Уладзіміраўна не загадвае, якую прафесію набудуць яе сярэдні і малодшы сыны. Зусім не гэта яна лічыць галоўным у жыцці. “Важна, каб мае хлопцы былі добрымі і душэўнымі, каб заўсёды паважалі сваіх бацькоў і сябравалі адзін з адным”, – кажа жанчына.
В. У. Акуцёнак кажа, што яна шчаслівы чалавек. У яе цудоўная сям’я, добры дом, любячыя дзеці. Ну, а што яшчэ жанчыне трэба для шчасця?
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №80 ад 13.10.2015 г.