Плённая праца – годны вынік
У суботу 3 кастрычніка цэнтр грамадскага жыцця Віцебшчыны змясціўся ў Талачын, дзе праходзіў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. У складзе дэлегацыі Шумілінскага раёна – камбайнеры, механізатары, вадзіцелі, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
Талачын, які абнавіўся і папрыгажэў да свята, ветліва сустракаў гасцей хлебам-соллю. Па традыцыі галоўнай святочнай падзеяй стала шэсце ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва ў аграпрамысловым комплексе вобласці.
А пачалося шэсце ад Кургана Славы ўскладаннем вянкоў і кветак ад дэлегацый раёнаў, прысвечаным 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На чале шэсця – галоўны каравай “Дажынак” у суправаджэнні прыгожых дзяўчат у нацыянальных строях, а кожную дэлегацыю суправаджаў духавы аркестр і група мажарэтак-барабаншчыц, якія надавалі шэсцю асаблівую прыгажосць і святочнасць.
Сярод ганаровых гасцей “Дажынак” – старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Л. В. Анфімаў, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У. Р. Гусакоў, члены Урада Беларусі: міністр па надзвычайных сітуацыях У. А. Вашчанка, міністр інфармацыі Л. С. Ананіч, міністр прамысловасці В. М. Воўк, міністр абароны А. А. Раўкоў, міністр энергетыкі У. М. Патупчык, старшыня канцэрна “Белнафтахіма І. В. Ляшэнка, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Віцебскай вобласці, дэлегацыі з Магілёўскай вобласці і Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
На цэнтральнай плошчы горада, дзе была ўстаноўлена галоўная сцэна фестывалю, адбылася цырымонія ўшанавання працаўнікоў, якія сваёй працай унеслі важкі ўклад у агульнарэспубліканскі ўраджай. “Свята заканчэння жніва, шанавання хлебаробаў з даўніх часоў адзначаецца на нашай зямлі. Павага да працы хлебаробаў з’яўляецца асновай, дзякуючы якой існуем мы, наша культура і духоўнасць”, – адзначыў у сваім выступленні старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў.
“Упершыню Віцебская вобласць сабрала такі ўраджай – 1 мільён 440 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 36,6 ц/га, і гэта нягледзячы на няпростыя ўмовы, – сказаў кіраўнік вобласці. – Мы выбралі інтэнсіўны метад земляробства – навуковыя тэхналогіі, выкарыстанне ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін, тэхналагічную дысцыпліну – і гэта прынесла плён. Таксама вырашчаны добры ўраджай бульбы, льну, гародніны. І гэта галоўны вынік напружанай, граматнай працы кіраўнікоў, спецыялістаў і механізатараў усіх гаспадарак вобласці”.
5 раёнаў вобласці дасягнулі ўраджайнасці 40 ц/га і больш, 5 раёнаў сабралі больш за 100 тысяч тон збожжа, 40 гаспадарак Віцебшчыны атрымалі па 50 ц/га і
больш, а ў ААТ “Хацілы-Агра” Пастаўскага раёна сабралі па 80,5 цэнтнера збожжа з кожнага гектара.
На Віцебшчыне сёлета самая высокая ўраджайнасць бульбы ў Беларусі – 277 ц/га, а РУП “Талачынскі кансервавы завод”, які вырошчвае 900 га “другога хлеба”, сабрала сёлета па 515 ц/га, тут убралі ўжо каля 850 га і накапалі больш за 43 тысячы тон бульбы.
Мікалай Мікалаевіч у сваім выступленні адзначыў уклад кожнага працаўніка ў высокія вынікі работы аграпрамысловай галіны вобласці. Такі вынік стаў магчымы дзякуючы моцнай падтрымцы галіны з боку дзяржавы. Аграрныя прадпрыемствы толькі сёлета атрымалі 166 аўтамабіляў МАЗ рознай мадыфікацыі, 807 трактароў Мінскага трактарнага завода, новыя камбайны, сеялкі, плугі, іншую тэхніку.
Плённыя вынікі працы даказваюць, што патэнцыял паўночнага рэгіёна Беларусі высокі і поўнасцю не вычарпаны, заўважыў напрыканцы свайго выступлення кіраўнік вобласці.
Мікалай Шарснёў уручыў узнагароды кіраўнікам гаспадарак, якія дасягнулі сёлета лепшых вынікаў у вырошчванні збожжа: В. І. Крыштафовічу (ААТ “Хацілы-Агра” Пастаўскага раёна), Д. Ш. Надзірашвілі (СВК “Альгоўскае” Віцебскага раёна) і П. І. Жарыкаву (ААТ “Гігант-Агра” Дубровенскага раёна). На сцэну падымаюцца дзясяткі экіпажаў камбайнераў з усёй Віцебшчыны, вадзіцелі, што працавалі на адвозцы зерня, аграномы, інжынеры лепшых сельгаспрадпрыемстваў. Усе атрымліваюць ад кіраўніка вобласці падзякі і важкія прэміі за сваю працу.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў У. П. Андрэйчанка адзначыў, што такія традыцыйныя святы, як “Дажынкі”, дазваляюць не толькі ўшанаваць хлебаробаў за іхнюю нялёгкую працу, але і адчуць радасць ад поспехаў земляробаў. Ён уручыў ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь кіраўнікам Верхнядзвінскага і Дубровенскага раёнаў І. І. Марковічу і А. І. Лукашову. Гэтую ўзнагароду раёны атрымалі за паспяховыя вынікі работы.
Узнагароды гаспадаркам і прадпрыемствам, асобным кіраўнікам, спецыялістам, працаўнікам, сельвыканкамам уручаліся ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, ад Міністэрства энергетыкі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ААТ “Мінскі трактарны завод”, іншых буйных рэспубліканскіх канцэрнаў і шэфскіх арганізацый Віцебшчыны. За вытворчасць насення шматгадовых траў узнагароду атрымаў і кіраўнік СФГ “Раднік” Ю. В. Сямёнаў.
У якасці прызоў уручаліся трактары, сельскагаспадарчая тэхніка, веласіпеды, камп’ютары, іншыя каштоўныя падарункі. Дарэчы, сельскагаспадарчая тэхніка айчыннай вытворчасці была прадстаўлена на дэманстрацыйнай пляцоўцы побач з галоўнай сцэнай свята і напрыканцы мерапрыемства сваім ходам адправілася да новых гаспадароў.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання сіламі прафесійных і самадзейных артыстаў быў наладжаны канцэрт з папулярных беларускіх народных і эстрадных песень і танцавальных нумароў.
А ў Талачыне шумеў-гуляў кірмаш. На цэнтральных вуліцах горада разгарнуліся падворкі, якія прадстаўлялі ўсе гарады і раёны, буйныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці, на якіх спявалі і забаўлялі ўдзельнікаў і гасцей свята, прапаноўвалі розныя прысмакі, дэманстравалі сваю прадукцыю.
У гарадскім скверы былі прадстаўлены брэнды раёнаў. Верхнядзвінск запрашаў на “Малочныя рэкі”, Віцебскі раён частаваў “Прыдзвінскім квасам”, наведаць “Мядовую скарбонку” запрашалі палачане, на “Свята сена” – прадстаўнікі Сянно, у “Мястэчка над Дзвіной” прапаноўвалі завітаць Бешанковічы, у “Лясное царства” запрашалі прадстаўнікі Лепеля – кожны мог выбраць падворак для сябе. Карыстаўся папулярнасцю гасцей свята шумілінскі “Кірмаш бульбашоў”. На шумілінскім падворку не толькі здзіўлялі бульбай, але прапаноўвалі ў жартоўнай форме ўспомніць тэхналогію вырошчвання, частавалі стравамі з бульбы, спявалі песні. Наведвальнікі падворка куплялі вырабы раённага дома рамёстваў.
На сцэне ў скверы па чарзе весялілі гледачоў фальклорныя калектывы з усёй Віцебскай вобласці. Сваю долю авацый сарвалі і нашы народныя калектывы “Гарэзнікі” і “Гульбічы”.
Па ўсіх вуліцах святочнага кірмашу запрашалі пачаставацца прысмакамі, кожны прапаноўваў нешта сваё, адметнае. Ля падворка Шумілінскага райспажыўтаварыства найбольшую цікавасць выклікала традыцыйная шумілінская поліўка. Калі маладыя людзі пыталіся: “Што гэта за страва?”, то больш сталыя выпытвалі сакрэты прыгатавання: “Вельмі смачна, як у бабулі ў дзяцінстве. Сама спрабавала гатаваць, не атрымалася. Як вы робіце, у чым сакрэт?” І нашы шчыра расказвалі рэцэпт любімай народнай стравы.
Свята атрымалася: прыгожае, вясёлае, цікавае. Вельмі спрыяў фестывальнаму настрою цудоўны восеньскі дзень “бабінага лета” – цёплы, сонечны. “Дажынкі” скончыліся, але не скончылася сялянская праца. Бо гэтая праца – галоўная. Яна нас корміць, яна дае работу прамысловым прадпрыемствам – і тым, што перапрацоўваюць малако, мяса, лён і іншую прадукцыю вёскі, і тым, што вырабляюць трактары і аўтамабілі. Менавіта таму, адгуляўшы свята, сяляне рупліва завяршаюць сяўбу азімых, уборку кукурузы, рыхтуюць фермы да зімоўкі. Каб і на наступны год свята зноў адбылося.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №78 ад 06.10.2015 г.
райпо как всегда, позор. Людей накормить не могло на празднике . район закройте вы его
Однако..»Рэкордны каравай Вiцебшчыны»..