День пожилых людей в Шумилинском РЦК

Общество

Ва ўнісон з залатой восенню
Свята павагі  і ўдзячнасці
Святам павагі і ўдзячнасці, успамінаў і настальгіі назвала дзень 1 кастрычніка старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Людзям, якія сабраліся ў гэты дзень у раённым цэнтры культуры, ці тым, хто вырашыў адзначыць свята дома, сапраўды ёсць, што ўспомніць, пра што расказаць. Дзень пажылых людзей – гэта яшчэ адна нагода для маладых хаця б на імгненне сцішыць сваю імклівую хаду і патрапіць у нагу са сталасцю, прыслухацца, атрымаць задавальненне ад узаемін, пераняць жыццёвыя ўрокі.
Сённяшнія пенсіянеры – людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, яны пастаянныя ўдзельнікі ўсіх раённых мерапрыемстваў, на іх заўжды спадзяюцца, да іх абавязкова звяртаюцца за дапамогай. Выгадаваўшы дзяцей і ўнукаў, сумленна адпрацаваўшы на сваім рабочым месцы, можна аддаць час і сваім захапленням, заўважыла Ірына Мікалаеўна. І выставы, арганізаваныя ў гэты дзень у РЦК, у чарговы раз пацвердзілі, што менавіта на пенсіі ў поўную сілу раскрываюцца таленты. Для гэтага ёсць самае галоўнае – вольны час і жаданне ствараць.
Сталасць патрабуе клопату
Сталыя людзі вядуць здаровы лад жыцця, цікавяцца ўсім тым, што прапануе сучасны свет, але дзяржава заўжды гатова аказаць дапамогу ўсім, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Пра гэта гаварыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава. Сёння ў раёне налічваецца 6200 грамадзян пажылога ўзросту, з іх дзве тысячы мужчын і 4 тысячы 200 жанчын. Кожны атрымлівае пенсію, сярэдні памер якой складае 2 мільёны 647 тысяч рублёў. “1327 чалавек сваім вопытам і ведамі дапамагаюць моладзі, працуючы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна”, – прыводзіла канкрэтныя лічбы Святлана Валянцінаўна. Тыя, хто маюць патрэбу, могуць разлічваць на сацыяльную дапамогу.
Асаблівая ўвага надаецца падтрымцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі 107 ветэранаў нашага раёна атрымалі матэрыяльную дапамогу (сума выплат склала 505 мільёнаў рублёў). 515 непрацаздольных грамадзян пажылога ўзросту ў 97 населеных пунктах абслугоўваюцца сацыяльнымі работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ветэраны могуць карыстацца больш як 70-ццю відамі разнастайных паслуг. 30 грамадзян пражываюць у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання ў Мішневічах. Людзі, чыімі рукамі створаны падмурак дабрабыту сённяшняга дня, заўжды могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу дзяржавы, маладога пакалення, гаварыла С. В. Валекава.
Заўжды актыўныя
Словы ўдзячнасці ад імя ветэранскага корпусу раёна за падтрымку і дапамогу выказала ўсім, хто мае да гэтага дачыненне, старшыня ветэранскай арганізацыі раёна К. Ф. Палоўнікава. З асаблівым гонарам яна прадставіла ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія бралі ўдзел у свяце, – Д. А. Дземчанку, Д. І. Бандарэнку, А. Н. Пятрову. Спакойная старасць, магчымасць праявіць свае таленты, упэўненасць у заўтрашнім дні – пры такіх умовах чалавек можа годна прымаць падораныя лёсам гады. Клопат пра здароўе пажылых людзей праяўляецца праз пастаянныя медыцынскія абследаванні, лячэнне ў шпіталях, адпачынак у санаторыях. Летась у санаторыях пабывалі 18 чалавек, у шпіталях паправілі здароўе  14 (17 і 6 адпаведна прайшлі аздараўленне ўжо сёлета).
Вядома, што сіл і імпэту з гадамі больш не становіцца, але ветэраны прывыклі быць прыкладам для маладых і здаваць сваіх пазіцый не збіраюцца. Сведчанне гэтаму – пастаянны іх удзел у самых разнастайных конкурсах, такіх, як, напрыклад, “Мая зямля – мой родны дом”. Чалавеку сталаму трэба куды больш намаганняў, каб трымаць дагледжаным і прывабным свае дом, панадворак, здзіўляць ландшафтнымі рашэннямі, цікавымі ідэямі. Дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсе, за ўзорны парадак і эстэтычнае ўтрыманне прысядзібнай тэрыторыі ўручыла І. М. Новікава.
Таксама сваіх герояў у  гэты дзень знайшлі граматы за важкі ўклад у ветэранскі рух і патрыятычнае выхаванне моладзі; за творчы падыход і выніковую работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення і актыўны ўдзел у сацыяльным праекце “Мы гэтай памяці верныя”. Многія ветэраны былі ўзнагароджаны дыпломамі за актыўны ўдзел у ветэранскім руху, самабытнасць і праслаўленне роднага краю.
А з песняй – весялей!
Асабліва запамінальным гэтае асенняе свята пастараліся зрабіць работнікі раённага цэнтра культуры і самадзейныя артысты, свята якіх у гэты дзень і адзначалася. Яны спявалі, прымалі гучныя апладысменты залы. Свята ўдалося, здаецца, яно зарадзіла ўсіх прысутных на здзяйсненне ўсяго задуманага, на новы планы. Яны ж маладыя, а значыць, усё самае лепшае – наперадзе!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №78 ад 06.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *